Святы Айцец: Езус – жывы, Любоў перамагла
У сваім разважанні Францішак нагадаў, што панядзелак пасля Пасхі ў Італіі называецца Панядзелкам анёла, бо ў гэты дзень у літургіі ўспамінаецца сустрэча анёла з жанчынамі, што прыйшлі да магілы Езуса (пар. Мц 28,1-15). Божы пасланнік сказаў ім: “Ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага. Яго тут няма, Ён уваскрос”.
Паводле Пантыфіка, абвяшчэнне “Ён уваскрос” выходзіла за рамкі чалавечых магчымасцей, таму нават жанчыны, якія прыйшлі да магілы і знайшлі яе адкрытай, маглі сказаць толькі тое, што яна была пустой. Даць пасланне аб уваскрасенні мог толькі анёл, сілай, атрыманай ад Бога.
“Евангеліст Мацвей распавядае, што ў той пасхальны світанак “стаўся вялікі землятрус, бо анёл Пана, які сышоў з неба, падышоў, адсунуў камень і сеў на ім”. Гэты вялікі камень, які павінен быў стаць пячаткай перамогі зла і смерці, апынуўся ля ног, стаў падножжам анёла Пана. Усе задумы і меры ворагаў і ганіцелей Езуса аказаліся марнымі. Вобраз анёла, што сядзіць на магільным камяні, гэта канкрэтнае, бачнае аб’яўленне перамогі Бога над злом, перамогі Хрыста над князем гэтага свету, аб’яўленне перамогі святла над цемрай. Магіла Езуса была адкрыта не фізічнай сілай, але дзякуючы ўмяшанню Пана. Выгляд анёла, дадае Мацвей, “быў, як маланка, і адзенне ягонае было белае, як снег”. Гэтыя дэталі з’яўляюцца знакам, які пацвярджае ўмяшанне самаго Бога, носьбіта новай эпохі, апошніх часоў гісторыі”, - падкрэсліў Папа.
Францішак звярнуў увагу на тое, што ў евангельскім апавяданні можна ўбачыць два віды рэакцыі на гэта ўмяшанне Бога. Першая – рэакцыя вартаўнікоў, якія не здолелі ўстаяць перад нястрымнай Божай сілай і былі збіты з ног унутраным землятрусам: сталі як мёртвыя; а другая – рэакцыя жанчын, якіх анёл заклікаў не баяцца і не шукаць Езуса ў магіле.
“Самі евангельскія жанчыны, пасля першапачатковага хвалявання, адчулі вялікую радасць, калі ўбачылі Настаўніка жывым. У гэты Велікодны перыяд жадаю ўсім перажыць такі духоўны досвед, прымаючы ў сэрца, дамы і сем’і радаснае пасхальнае абвяшчэнне: “Хрыстус, уваскросшы з мёртвых, ужо не памірае, смерць ужо не мае над Ім улады”, - дадаў ён.
Папа заўважыў, што ўпэўненасць ва ўваскрасенні Хрыста, становіцца прычынай радаснай малітвы: Regina Caeli, laetare – Уладарка Неба, радуйся. Ён нагадаў, што менавіта заклікам да радасці анёл Габрыэль прывітаў Марыю ў першы раз. “Цяпер жа радасць Марыі з’яўляецца поўнай: Езус – жыве, Любоў перамагла. Няхай яна стане таксама нашай радасцю”, - пажадаў на завяршэнне разважання Святы Айцец.