Пантыфік падчас малітвы Уладарка неба Пантыфік падчас малітвы Уладарка неба 

Папа: малітва – краевугольны камень сапраўднага хрысціянства

Перад тым, як выконваць запаведзі і рабіць справы міласэрнасці, мы павінны злучыцца з Езусам, прабываць у Ім, - падкрэсліў Францішак 2 мая 2021 г., падчас марыйнай малітвы Уладарка неба.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа спаслаўся на нядзельнае Евангелле св. Яна, у якім Хрыстус “называе сябе сапраўднай вінаграднай лазой і кажа пра нас як пра галіны, якія не могуць жыць, не з'яднаўшыся з Ім".

Ён звярнуў увагу, што Езус паўтарае дзеяслоў "заставацца" сем разоў: “Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас”. Гэта “заставацца”, падкрэсліў Пантыфік, з’яўляецца “актыўным і ўзаемным”.

Збаўца хоча нам сказаць, што перад тым, як выконваць Яго запаведзі, перад Яго благаслаўленнем, перад Яго справамі міласэрнасці, мы павінны злучыцца з Ім, прабываць у Ім.

“Мы не можам быць добрымі хрысціянамі, калі не застаёмся ў Езусе, а з Ім мы можам усё”

, - сказаў Папа.

Францішак спытаў: "у якім сэнсе мы патрэбны Езусу?”. “Плён, які мы павінны прыносіць як галіны, – гэта сведчанне нашага хрысціянскага жыцця. Сведчанне Яго любові. Плёнам, які трэба выхоўваць, з'яўляецца любоў. Звязаныя з Хрыстом, мы атрымліваем дары Духа Святога і, такім чынам, можам рабіць дабро бліжняму і грамадству – Касцёлу. Дрэва пазнаецца па пладах. Сапраўднае хрысціянскае жыццё сведчыць пра Хрыста”, - адзначыў Святы Айцец.

Францішак падкрэсліў, што "плённасць нашага жыцця залежыць ад малітвы". "Мы можам прасіць думаць як Ён, дзейнічаць як Ён, глядзець на свет і рэчы вачыма Езуса. Менавіта так мы можам любіць сваіх братоў і сясцёр, пачынаючы з самых бедных і найбольш пакутуючых, як Ён, любіць іх Яго сэрцам і дарыць свету плён дабра, любові і міру”, - заўважыў Папа.

Ён заключыў: “Давайце даверым сябе заступніцтву Панны Марыі. Яна заўсёды была поўнасцю з’яднанай з Езусам і прыносіла багаты плён. Няхай яна дапаможа нам заставацца ў Хрысце, у Яго любові, у Яго слове, каб мы сведчылі пра Уваскрослага Пана ў свеце”.
 

02 мая 2021, 12:48

“Уладарка неба” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць у Велікодны перыяд Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >