Анёл Панскі: калі ты дзелішся, Бог памнажае
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Каментуючы евангельскі фрагмент пра размнажэнне хлябоў і рыб “Ян 6, 1-15), якімі Езус накарміў каля пяці тысяч чалавек, Папа заўважыў, што Збаўца бярэ “пяць ячменных хлябоў і дзве рыбы” ў хлопчыка.
“З чалавечага пункту гледжання гэта нелагічна. Але не з Божага. Наадварот, дзякуючы гэтаму маленькаму бескарысліваму і, такім чынам, гераічнаму дару, Езус можа накарміць усіх”, - адзначыў Святы Айцец.
Гэта "вялікі ўрок для нас", падкрэсліў Папа, – "Пан можа зрабіць шмат з тым малым, што мы аддаём у Яго распараджэнне". “Ён можа зрабіць шмат з нашымі малітвамі, з жэстам міласэрнасці да іншых і нават з адной з нашых слабасцей, давераных Яго міласэрнасці. Вось як Бог любіць дзейнічаць: Ён робіць вялікія справы на аснове гэтых маленькіх, бескарыслівых”, - патлумачыў Святы Айцец, дадаўшы, што "логіка дару адрозніваецца ад нашай".
Ён звярнуў увагу на тое, што ў апісаннях гэтага цуду ніколі не сустракаецца дзеяслоў "размнажаць", выкарыстоўваюцца: "ламаць", "раздаць", "раздзяліць". “Сапраўдным цудам, кажа Езус, з'яўляецца не размнажэнне, якое выклікае славу і моц, але сумеснае выкарыстанне, якое пашырае любоў і дазваляе Богу здзяйсняць цуды”, - адзначыў Папа.
Францішак звярнуў увагу на тое, што прымнажэнне тавараў без справядлівага размеркавання не вырашае праблем чалавецтва, такіх як голад. “Кожны дзень у свеце каля сямі тысяч дзяцей ва ўзросце да пяці гадоў паміраюць ад недаядання”, - адзначыў ён. Ведаючы пра настолькі скандальныя справы, Святы Айцец заахвоціў аддаваць у распараджэнне Езуса і братоў тое "малое", што ў нас ёсць, нашы таленты і матэрыяльнае. “Не бойцеся, нічога не будзе страчана, бо калі дзелішся, Бог памнажае”, - запэўніў Папа.