Анёл Панскі: калі ты дзелішся, Бог памнажае

Прымнажэнне тавараў без справядлівага размеркавання не вырашае праблем чалавецтва; сапраўдным цудам з'яўляецца дзяленне з іншымі, - адзначыў Францішак 25 ліпеня 2021 г. перад малітвай Анёл Панскі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Каментуючы евангельскі фрагмент пра размнажэнне хлябоў і рыб “Ян 6, 1-15), якімі Езус накарміў каля пяці тысяч чалавек, Папа заўважыў, што Збаўца бярэ “пяць ячменных хлябоў і дзве рыбы” ў хлопчыка.

“З чалавечага пункту гледжання гэта нелагічна. Але не з Божага. Наадварот, дзякуючы гэтаму маленькаму бескарысліваму і, такім чынам, гераічнаму дару, Езус можа накарміць усіх”, - адзначыў Святы Айцец.

Гэта "вялікі ўрок для нас", падкрэсліў Папа, – "Пан можа зрабіць шмат з тым малым, што мы аддаём у Яго распараджэнне". “Ён можа зрабіць шмат з нашымі малітвамі, з жэстам міласэрнасці да іншых і нават з адной з нашых слабасцей, давераных Яго міласэрнасці. Вось як Бог любіць дзейнічаць: Ён робіць вялікія справы на аснове гэтых маленькіх, бескарыслівых”, - патлумачыў Святы Айцец, дадаўшы, што "логіка дару адрозніваецца ад нашай".

На плошчы св. пятра падчас малітвы Анёл Панскі
На плошчы св. пятра падчас малітвы Анёл Панскі

Ён звярнуў увагу на тое, што ў апісаннях гэтага цуду ніколі не сустракаецца дзеяслоў "размнажаць", выкарыстоўваюцца: "ламаць", "раздаць", "раздзяліць". “Сапраўдным цудам, кажа Езус, з'яўляецца не размнажэнне, якое выклікае славу і моц, але сумеснае выкарыстанне, якое пашырае любоў і дазваляе Богу здзяйсняць цуды”, - адзначыў Папа.

Францішак звярнуў увагу на тое, што прымнажэнне тавараў без справядлівага размеркавання не вырашае праблем чалавецтва, такіх як голад. “Кожны дзень у свеце каля сямі тысяч дзяцей ва ўзросце да пяці гадоў паміраюць ад недаядання”, - адзначыў ён. Ведаючы пра настолькі скандальныя справы, Святы Айцец заахвоціў аддаваць у распараджэнне Езуса і братоў тое "малое", што ў нас ёсць, нашы таленты і матэрыяльнае. “Не бойцеся, нічога не будзе страчана, бо калі дзелішся, Бог памнажае”, - запэўніў Папа.
 

25 ліпеня 2021, 12:52

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >