Пошук

Папа падчас малітвы Анёл Панскі ў Ватыкане Папа падчас малітвы Анёл Панскі ў Ватыкане 

Анёл Панскі: перамагаць зло, пачынаючы з уласнага сэрца

Захоўваць сэрца чыстым, не наракаць і не абвінавачваць іншых, - заклікаў Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая 29 жніўня 2021 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Папа пракаментаваў евангельскі ўрывак, у якім гаворыцца пра рэакцыю некаторых кніжнікаў і фарысеяў, на тое, што Езус і Яго вучні елі ежу не абмытымі рукамі, што супярэчыла рэлігійнай традыцыі.

Пантыфік заклікаў паразважаць над тым, чаму Езус і Яго вучні не захоўвалі гэтай практыкі, якая сама па сабе не з’яўляецца кепскай. На думку Папы, прычына такіх паводзінаў Хрыста заключалася ў Яго імкненні вярнуць веры цэнтральнае месца.

Францішак падкрэсліў, што гэта асабліва важна ў сітуацыях, калі ставім на першае месца фармальнае выкананне прадпісанняў, клапоцячыся пра тое, што будзе навідавоку, забываючы пра ачышчэнне сэрца. Езус, аднак, прагне веры, якая дасягне сэрца, - дадаў ён.

Святы Айцец назваў “рэвалюцыйнымі” словы Хрыста пра тое, што “няма нічога, што магло б, уваходзячы звонку ў чалавека, зрабіць яго нячыстым”. У тыя часы “лічылася, што некаторыя віды ежы і знешнія кантакты, маглі зрабіць нячыстымі”. Езус жа змяніў перспектыву, кажучы, што “кепска можа зрабіць не тое, што паходзіць звонку, а тое, што нараджаецца ўнутры”.

Папа падкрэсліў, што гэтыя словы Хрыста актуальныя і ў наш час. Мы часта думаем, што зло паходзіць звонку: ад паводзінаў іншых людзей, грамадства, свету, уладаў ці проста ў выніку няшчасця. Праводзіць час, абвінавачваючы іншых, значыць губляць час, - папярэдзіў Францішак, нагадваючы, што часта гэта прыводзіць да раздражнёнасці, чэрствасці і аддалення Бога ад сэрца, як здарылася з евангельскімі фарысеямі. Ён адзначыў, што немагчыма быць па-сапраўднаму рэлігійнымі людзьмі наракаючы, бо гнеў, крыўда і смутак закрываюць дзверы перад Богам.

Пантыфік заклікаў прасіць у малітве аб вызваленні ад схільнасці абвінавачвання іншых людзей і наракання. Езус заклікае глядзець на жыццё і свет, пачынаючы з уласнага сэрца, якое важна трымаць чыстым, бо ёсць адзін надзейны спосаб перамагчы зло: пачынаць перамагаць яго ўнутры сябе, - дадаў Святы Айцец.
 

29 жніўня 2021, 12:11

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >