Анёл Панскі: перамагаць зло, пачынаючы з уласнага сэрца
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Папа пракаментаваў евангельскі ўрывак, у якім гаворыцца пра рэакцыю некаторых кніжнікаў і фарысеяў, на тое, што Езус і Яго вучні елі ежу не абмытымі рукамі, што супярэчыла рэлігійнай традыцыі.
Пантыфік заклікаў паразважаць над тым, чаму Езус і Яго вучні не захоўвалі гэтай практыкі, якая сама па сабе не з’яўляецца кепскай. На думку Папы, прычына такіх паводзінаў Хрыста заключалася ў Яго імкненні вярнуць веры цэнтральнае месца.
Святы Айцец назваў “рэвалюцыйнымі” словы Хрыста пра тое, што “няма нічога, што магло б, уваходзячы звонку ў чалавека, зрабіць яго нячыстым”. У тыя часы “лічылася, што некаторыя віды ежы і знешнія кантакты, маглі зрабіць нячыстымі”. Езус жа змяніў перспектыву, кажучы, што “кепска можа зрабіць не тое, што паходзіць звонку, а тое, што нараджаецца ўнутры”.
Папа падкрэсліў, што гэтыя словы Хрыста актуальныя і ў наш час. Мы часта думаем, што зло паходзіць звонку: ад паводзінаў іншых людзей, грамадства, свету, уладаў ці проста ў выніку няшчасця. Праводзіць час, абвінавачваючы іншых, значыць губляць час, - папярэдзіў Францішак, нагадваючы, што часта гэта прыводзіць да раздражнёнасці, чэрствасці і аддалення Бога ад сэрца, як здарылася з евангельскімі фарысеямі. Ён адзначыў, што немагчыма быць па-сапраўднаму рэлігійнымі людзьмі наракаючы, бо гнеў, крыўда і смутак закрываюць дзверы перад Богам.
Пантыфік заклікаў прасіць у малітве аб вызваленні ад схільнасці абвінавачвання іншых людзей і наракання. Езус заклікае глядзець на жыццё і свет, пачынаючы з уласнага сэрца, якое важна трымаць чыстым, бо ёсць адзін надзейны спосаб перамагчы зло: пачынаць перамагаць яго ўнутры сябе, - дадаў Святы Айцец.