Анёл Панскі: дапамагаць тым, хто не адкажа ўзаемнасцю

Служэнне іншым не памяншае нас, але прымушае расці", - звярнуў увагу Святы Айцец 19 верасня 2021 г. у разважанні перад нядзельнай малітвай Анёл Панскі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак спаслаўся на евангельскі ўрывак ХХV Звычайнай нядзелі (Мк 9, 30-37), у якім гаворка ідзе пра рознагалоссі вучняў на шляху ў Ерузалем наконт таго, хто з іх большы. Тады Езус сказаў ім: “Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і ўсіх слугою" (Мк 9, 35). Гэтыя словы сведчаць аб тым, што каштоўнасць чалавека не залежыць ад крытэрыяў гэтага свету – яна вымяраецца служэннем. Гаворка ідзе пра прынцып дзейнасці Хрыста, Які “прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх” (Мк 10, 45). Таму, калі ў нас ёсць жаданне ісці за Езусам, мы павінны выбраць шлях служэння. Наша вернасць Пану залежыць ад нашай гатоўнасці служыць, - звярнуў увагу Францішак.

Затым Святы Айцец адзначыў, што асабліва ў сітуацыі служэння людзям, якія не могуць нам адказаць узаемнасцю, мы здольныя адчуць любоў і абдымкі Бога. Калі Езус казаў пра першынство служэння, Ён узяў дзіця і паставіў яго перад вучнямі, у цэнтры, на самае важнае месца. Такім чынам Збаўца падкрэсліў неабходнасць служэння ў першую чаргу тым, хто вымушаны атрымліваць і не можа адказаць узаемнасцю.

Папа заахвоціў вернікаў запытаць сябе пра жаданне заняцца і пацікавіцца самымі забытымі, прысвяціць час чалавеку, які не мае рэсурсаў на ўзаемнасць, паклапаціцца пра некага, хто не можа адплаціць, ці проста пра родных і блізкіх?

“Няхай Панна Марыя, сціплая Слуга Пана, дапаможа нам зразумець, што служэнне не прымяншае нас, але прымушае расці. І што даванне прыносіць больш радасці, чым атрыманне”, - папрасіў Францішак перш малітвай Анёл Панскі.
 

19 верасня 2021, 12:43

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >