Анёл Панскі: ўнутраная глухата нашмат горшая за фізічную

Слухаць Бога і слухаць бліжняга, маліцца аб аздараўленні сэрца ад замкнёнасці, паспешлівасці і нецярпення, - заахвоціў Францішак 5 верасня 2021 г., сустракаючыся з вернікамі на малітве Анёл Панскі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пантыфік спаслаўся на евангельскі фрагмент ХХІІІ Звычайнай нядзелі (Мк 7, 31-37), дзе гаворка ідзе пра Езуса, Які аздараўляе глуханямога. Ён звярнуў увагу на жэсты, якія робіць Збаўца перад тым, як здзейсніць цуд: “Адвёўшы глуханямога далей ад натоўпу, паклаў у яго вушы свае пальцы і, плюнуўшы на іх, дакрануўся імі да ягонага языка. І, паглядзеўшы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: Эффата! – што значыць: Адкрыйся”. Ён робіць так таму, што стан гэтага чалавека мае асаблівую сімвалічную каштоўнасць і мае што сказаць усім нам.

"Што такое глухата?", - спытаў Папа. Ён звярнуў увагу на ўнутраную глухату, "глухату сэрца", горшую за фізічную. "Спяшаючыся, маючы тысячу рэчаў, якія трэба сказаць і зрабіць, мы не знаходзім часу, каб спыніцца і выслухаць тых, хто з намі размаўляе. Мы рызыкуем стаць абыякавымі да ўсяго і не вызваліць месца для тых, каго трэба пачуць: думаю пра дзяцей, моладзь, пажылых людзей, многіх, якім патрэбны не столькі словы і казанні, колькі быць выслуханымі”, - заўважыў Францішак.

“Колькі разоў мы гаворым нешта, не слухаючы, паўтараючы свае прыпеўкі, заўсёды аднолькавыя! Не ўмеючы слухаць, мы заўсёды гаворым адно і тое ж”

, - з жалем сцвердзіў Папа.

Святы Айцец заахвоціў да дыялогу, які часта з'яўляецца вынікам не слоў, а маўчання, калі мы цярпліва пачынаем зноўку слухаць іншага чалавека, яго цяжкасці, тое, што яны нясуць у сабе. "Вылячэнне сэрца пачынаецца са слухання", - адзначыў ён.

Акрамя таго, Францішак заклікаў слухаць Бога. "Мы з’яўляемся хрысціянамі, але, магчыма, сярод тысяч слоў, якія чуем кожны дзень, не знаходзім некалькіх секунд, каб дазволіць некалькім словам Евангелля прагучаць у нас. Езус ёсць Слова: калі мы не спыняемся, каб пачуць Яго, Ён праходзіць міма нас. Але калі мы прысвячаем час на Евангелле, знаходзім сакрэт нашага духоўнага здароўя", - сказаў Папа.

У заключэнне Францішак заклікаў: “Няхай Панна Марыя, адкрытая да слухання Слова, Якое ў ёй стала целам, дапамагае нам кожны дзень слухаць яе Сына ў Евангеллі і слухаць братоў і сясцёр з сэрцам, якое разумее, застаецца цярплівым і ўважлівым".
 

05 верасня 2021, 12:39

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >