Пантыфік: жывая вера ўсклікае і стукае да сэрца Бога
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Францішак пракаментаваў евангельскі ўрывак пра вяртанне Езусам зроку Бартымею – сляпому, які прасіў міласціну каля дарогі (пар. Мк 10,46-52). Паводле Папы, гэта была важная сустрэча, бо яна папярэднічала ўваходу Пана ў Ерузалем перад Пасхай.
“Бартымей згубіў зрок, але не голас. І насамрэч, калі Ён пачуў, што праходзіць Езус, пачаў крычаць: “Сыне Давіда, Езусе, змілуйся нада мной”, - нагадаў Пантыфік. Вучні і натоўп загадвалі Бартымею змоўкнуць, бо яго крык перашкаджаў ім, але сляпы крычаў яшчэ мацней.
“Езус жа пачуў яго і адразу спыніўся. Бог заўсёды чуе крык беднага. Яму не перашкаджаў крык Бартымея, больш за тое, Езус убачыў, што гэты крык быў поўны веры – веры, якая не баіцца настойваць, стукаць у сэрца Бога, нягледзячы на неразуменне і папрокі”, - сказаў Пантыфік, заўважаючы, што менавіта тут знаходзіцца крыніца цуду, што пацвярджаюць і словы Езуса: “Вера твая ўратавала цябе”.
Святы Айцец заўважыў, што вера Бартымея праявілася ў яго малітве, якая не была баязлівай і шаблоннай. Сляпы прызнаваў у Езусе Месію, назваўшы Яго “Сынам Давіда”, і не пабаяўся звярнуцца да Яго па імені.
“Не баяўся Яго, не трымаўся з дыстанцыяй. І так, ад усяго сэрца, пракрычаў Богу-сябру ўсю сваю драму: “Змілуйся нада мною”. Не прасіў Яго аб нейкай дробязі, як у мінакоў. У Таго, хто можа ўсё, ён прасіў усяго: “Змілуйся нада мною, над усім, чым я ёсць”. Не прасіў аб якой-небудзь ласцы, а прадставіў усяго сябе: маліў аб міласэрнасці да сябе, да свайго жыцця. Гэта была немалая просьба, але цудоўная, бо была просьбай аб літасці, гэта значыць аб спагадзе, аб міласэрнасці Бога, аб Яго пяшчоце”, - сказаў Францішак.
Папа заўважыў, што Бартымей не быў шматслоўным. Ён казаў толькі самае важнае і даручаў сябе Божай любові, адзінай, якая магла дапамагчы яго жыццю расквітнець, чаго не маглі зрабіць людзі. “Слепата была толькі вяршыняй айсбергу, але ў яго сэрцы былі раны, прыніжэнні, разбітыя мары, памылкі, згрызоты”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы вернікаў наследаваць прыклад малітвы Бартымея.
“Сыне Давіда, Езусе, змілуйся нада мною!” Зробім нашай гэту малітву і спытаемся ў сябе: “Як выглядае мая малітва?”. Ці з’яўляецца яна мужнай, ці мае добрую настойлівасць, як малітва Бартымея, ці здольная яна “схапіць” Пана, які праходзіць, або задавальняецца тым, каб фармальна прывітаць Яго, час ад часу, калі не забываемся зрабіць гэта?”, - спытаў Пантыфік.
На яго думку, малітва павінна тычыцца важных спраў, паказваць Богу “непакрытае сэрца”, заносіць да Яго гісторыі і абліччы, якія сустракаем у жыцці, не быць павярхоўнай, не складацца з абрадаў, што здзяйсняюцца без любові і без душы.
“Калі вера жывая, тады малітва настойлівая, не з’яўляецца дробязнай, не абмяжоўваецца хвіліннымі патрэбамі. У Езуса, які можа ўсё, трэба прасіць усё. Не забывайце пра гэта... Ён з нецярпеннем чакае, калі зможа уліць сваю ласку і сваю радасць у нашыя сэрцы, але, на жаль, мы самі трымаемся на дыстанцыі ад Яго па прычыне нашай сарамлівасці, ляноты ці нявер’я”, - сцвердзіў Папа.
“Няхай Бартымей стане для нас прыкладам, дзякуючы сваёй канкрэтнай, настойлівай і мужнай веры, і няхай Багародзіца, Панна ў малітве, навучыць нас звяртацца да Бога ўсім сэрцам, з даверам, што Ён уважліва выслухоўвае кожную малітву”, - завяршыў нядзельная разважанне Францішак.