Анёл Панскі: сабрацца і паспяшыць да Божага Нараджэння
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак спаслаўся на ўрывак Евангелля (Лк 1, 39-45), у якім апісваецца сцэна наведвання Марыяй старэйшай сваячкі Альжбеты, якая была цяжарнай. Ён засяродзіўся на двух дзеясловах, што апісваюць стаўленне Марыі, якая сабраўшыся, паспяшыла ў горную краіну.
Францішак падкрэсліў, што “сабрацца” азначае адарвацца ад думак, засяроджаных на сабе, каб дапамагчы камусьці ў патрэбе. “Давайце навучымся ад Маці Божай такому стаўленню: збірацца ў дарогу, асабліва калі нам пагражаюць цяжкасці. Трэба ўстаць, каб не загразнуць у праблемах, не акунуцца ў жаль над сабой і паралізуючы смутак”, - звярнуў увагу Святы Айцец. Ён заахвоціў вернікаў азірнуцца і знайсці таго, каму трэба і можна дапамагчы. “Дапамагаючы іншым, мы дапаможам сабе падняцца з цяжкасцей”, - запэўніў Пантыфік.
Каментуючы другі дзеяслоў з сённяшняга Евангелля – “паспяшыць”, Францішак падкрэсліў, што гаворка ідзе пра тое, каб весці жыццё, напоўненае Богам і Яго радасцю. Ён заахвоціў сваіх слухачоў да выхавання ў сабе здаровага пачуцця гумару.
“Не забывайма, што першы ўчынак міласэрнасці для бліжняга, – гэта наш вясёлы і ўсмешлівы твар. Гаворка ідзе пра тое, каб прынесці іншаму чалавеку радасць Езуса, як гэта зрабіла для Альжбеты Марыя”, - адзначыў Святы Айцец.
“Няхай Маці Божая возьме нас за руку, дапаможа нам сабрацца і паспяшыць да Божага Нараджэння”, - пажадаў Папа перад малітвай Анёл Панскі і апостальскім благаслаўленнем.