Анёл Панскі: давайце маліцца за мір у сэрцах і ў свеце
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Святы Айцец падкрэсліў, што Марыя ахвяруе свайго Сына ўсім. Божае Дзіця прыходзіць у свет для ўсіх без выключэння.
Францішак адзначыў, што многія людзі баяцца за будучыню, яны прыгнечаныя сацыяльнай сітуацыяй, асабістымі праблемамі, небяспекай экалагічнага крызісу, несправядлівасцю і глабальным эканамічным дысбалансам. Ён прызнаўся, што, гледзячы на Марыю, думае пра бежанцаў, і заклікаў будаваць братэрства, каб “нанова звязаць ніткі міру, разарванага вайной і насіллем”.
Нагадваючы пра 55-ы Сусветны дзень міру, Святы Айцец падкрэсліў, што мір “з’яўляецца адначасова і Божым дарам, і плёнам сумеснай прыхільнасці”. “Ён будуецца праз павагу да апошняга, спрыянне справядлівасці, мужнасць прабачэння, што тушыць агонь нянавісці. Яму таксама патрэбны пазітыўны погляд: мы павінны заўсёды глядзець – і ў Касцёле, і ў грамадстве – не на зло, якое нас раздзяляе, а на дабро, якое можа аб’яднаць! Трэба не расчароўвацца і скардзіцца, а закасаць рукавы і будаваць мір”, - звярнуўся Папа.
“Няхай Маці Божая, Каралева Міру, у пачатку гэтага года выпрасіць згоду для нашых сэрцаў і для ўсяго свету”, - звярнуўся з малітвай Францішак.