Анёл Панскі: не варта грэбаваць малітвай
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На пачатку Святы Айцец падкрэсліў пакору Езуса, Які падзяляе лёс грэшнікаў і сыходзіць да чалавека: спускаецца да ракі, як у параненую гісторыю чалавецтва, акунаецца ў нашыя воды, каб вылечыць іх. Папа адзначыў, што пасля хросту Збаўца маліўся. Такім чынам, з аднаго боку, Ён спускаецца да нас, у воды Ярдана, а з другога – узносіць вочы і сэрца ў малітве да Айца.
“Малітва – гэта спосаб дазволіць Богу дзейнічаць у нас, зразумець, што Ён хоча перадаць нам нават у самых складаных сітуацыях, каб мы мелі сілы працягваць ісці. Малітва дапамагае нам, таму што яднае нас з Богам, адкрывае на сустрэчу з Ім. Так, малітва – гэта ключ, які адкрывае сэрца для Пана”, - сказаў Францішак.
Папа нагадаў, што малітва “адкрывае неба”, дае жыццю кісларод, прастору, каб дыхаць нават у разгар тугі, і дазваляе бачыць рэчы ў больш шырокай перспектыве. Гэта прымушае нас адчуваць сябе дзецьмі, якіх любіць Айцец.
Святы Айцец заахвоціў вернікаў памятаць пра дату свайго хросту і клапаціцца аб сваім малітоўным жыцці. “Не будзем грэбаваць малітвай: варта прысвяціць свой час для яе, варта выкарыстоўваць кароткія заклікі, якія мы часта паўтараем, варта чытаць Евангелле кожны дзень”, - заахвоціў Францішак перад малітвай Анёл Панскі і апостальскім благаслаўленнем.