Анёл Панскі: давайце запросім Езуса ў нашы “ўнутраныя стайні”
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Каментуючы фрагмент пралогу Евангелля св. Яна (Ян 1, 1-18), Папа звярнуў увагу на парадокс злучэння ў ім дзвюх супрацьлеглых рэчаіснасцей – Слова і цела, а таксама супрацьстаяння святла і цемры. Ён дадаў, што праз гэтую антыномію Евангелле хоча падкрэсліць спосаб дзейнасці Бога сярод людзей.
“Бог жадае ўзяць наша цела. Калі тваё сэрца здаецца занадта заплямленым злом, занадта бязладным, не замыкайся ў сабе, не бойся. Падумай пра стайню ў Бэтлееме. Езус нарадзіўся там, у гэтай беднасці, каб сказаць табе, што Ён не баіцца наведваць тваё сэрца, жыць у тваім неахайным жыцці”, - сказаў Францішак.
Святы Айцец заахвоціў сваіх слухачоў знайсці месца для Бога ў душы, размаўляць з Езусам аб сваіх канкрэтных сітуацыях. “Давайце запросім Яго ў наша жыццё афіцыйна, асабліва ў цёмныя месцы, у нашы “ўнутраныя стайні”. Давайце без страху расказваць Яму пра грамадскія і касцёльныя праблемы нашага часу, таму што Бог любіць жыць сярод нас”, - заахвоціў Папа перад малітвай Анёл Панскі і апостальскім благаслаўленнем.