Францішак: шукаць Бога не ў цудах, а ў штодзённай рэальнасці

Мець адкрыты розум і простае сэрца, каб прыняць Езуса, - заклікаў Святы Айцец перад малітвай Анёл Панскі, якая 30 студзеня 2022 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак пракаментаваў евангельскі ўрывак пра першую пропаведзь Езуса ў Назарэце. Яна не была паспяховай: Хрыстус сустрэў неразуменне і варожасць. Яго суайчыннікі, “больш чым слоў праўды, прагнулі цудаў і звышнатуральных знакаў”. Пан не рабіў іх і яны не прынялі Яго, а таксама казалі, што ўжо ведаюць Езуса: сына Юзафа. У гэтай сітуацыі Хрыстус прамовіў выраз, які стаў прымаўкай: “Ніводнага прарока не прымаюць на бацькаўшчыне яго”.

Гэтыя словы паказваюць, што “няўдача Езуса, не была для Яго нечым нечаканым”. Ён “ведаў сваіў, ведаў якой рызыцы падвяргаўся, усведамляў, што будзе непрыняты, аднак, прапаведваў у сваім мястэчку”. Чаму? Навошта рабіць дабро людзям, якія не маюць намеру прыняць цябе? Паводле Францішка, “гэта пытанне дапамагае лепш зразумець Бога, які не адступае, калі сустракае нашу закрытасць: не спыняецца ў сваёй любові”.

Святы Айцец заўважыў, што “адлюстраванне такой любові Бога можна ўбачыць у бацьках, якія, ведаючы пра няўдзячнасць сваіх дзяцей, працягваюць любіць іх і рабіць дабро ім”. Бог такі самы, “толькі на ўзровень вышэй”, і сёння Ён заклікае таксама і нас “верыць у дабро, не спыняцца ні перад чым у чыненні дабра”, - перакананы Пантыфік.

Францішак заўважыў, што гэта гісторыя “правакуе нас і прымушае задацца пытаннем пра тое, наколькі мы гатовы прыняць Яго”. У якасці прыкладу прыняцця Езус казаў пра ўдаву з Сарэпты Сідонскай і пра сірыйца Наамана. Яны абодва прымалі прарокаў: першая – прарока Іллю, другі – Елісея. Гэта прыняцце, аднак, не было лёгкім: удава прыняла Іллю, нягледзячы на голад і тое, што прарок падвяргаўся пераследу. Нааман, будучы высокапастаўленай асобай, адказаў на просьбу прарока Елісея акунуцца сем разоў у рацэ, што было прыніжэннем для яго. Святы Айцец падкрэсліў, што “вера пралягае менавіта праз адкрытасць і пакору”. Удава і Нааман “не адмовіліся ад шляхоў Бога і Яго прарокаў; былі паслухмянымі, не закамянелымі і не закрытымі”.

Пантыфік сцвердзіў, што таксама і Езус ідзе шляхам прарокаў: з’яўляецца перад намі нечаканым чынам. Яго “не знаходзіць той, што шукае цудаў”, сенсацый, “веры, што грунтуецца на магутнасці і знешніх знаках”. Бога “знаходзіць той, хто прымае Яго шляхі і выклікі, без нараканняў, без падазронасці, без крытыкі і без крыўд”. “Іншымі словамі Езус просіць цябе прыняць Яго ў штодзённай рэчаіснасці, у якой жывеш; у сучасным Касцёле...; у людзях, якія кожны дзень знаходзяцца побач з намі, у канкрэтнай сітуацыі патрабуючых, у сямейных праблемах, у бацьках, у дзецях, у бабулях і дзядулях...”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў вернікаў адказаць для сябе на пытанне: адкрытыя яны ці падобныя да суайчыннікаў Езуса, якія лічылі, што ведаюць усё пра Яго? “Магчыма, пасля многіх гадоў быцця вернікамі мы думаем, што добра ведаем Пана, маем уласныя ідэі і суджэнні”, але рызыка заключаецца ў тым, каб “прызвычаіцца да Езуса, закрыцца перад Яго навізной, засяродзіцца на нашых пазіцыях”, - папярэдзіў Папа.

Напрыканцы нядзельнага разважання Святы Айцец падкрэсліў, што Пан просіць нас “мець адкрыты розум і простыя сэрцы”, а таксама пажадаў, каб “Багародзіца, прыклад пакоры і адкрытасці, паказала нам шлях да прыняцця Езуса”.
 

30 студзеня 2022, 12:54

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >