Анёл Панскі: з Духам Езуса мы можам адказваць на зло дабром

Мы можам адказваць на зло дабром, мы можам любіць тых, хто робіць нам зло – гэта тое, што робяць хрысціяне, - нагадаў Папа 20 лютага 2022 года ў разважанні перад малітвай Анёл Панскі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Каментуючы словы Езуса: “Любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць” і “таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую”, - Францішак адзначыў, што Збаўца як быццам бы жадае немагчымага. “Да таго ж, за што любіць сваіх ворагаў? Калі мы не рэагуем на тыранаў, то любое злоўжыванне ўладай атрымлівае зялёнае святло, і гэта несправядліва. Але ці так гэта насамрэч? Ці сапраўды Пан просіць нас зрабіць немагчымае, нават несправядлівае?” - спытаў Пантыфік.

Ён нагадаў, што Езус, Які атрымаў аплявуху падчас суда перад першасвятаром, патрабаваў тлумачэнняў за зло, учыненае супраць яго. Таму падставіць другую шчаку не азначае маўчаць і паддавацца несправядлівасці. Езус жадае “знішчыць крыўду: разам заглушыць нянавісць і несправядлівасць, спрабуючы выратаваць вінаватага брата”. Яго лагоднасць – гэта “мацнейшы адказ, чым нанесены яму ўдар”.

“Падстаўленне другой шчакі – гэта не хаванне таго, хто прайграў, а ўчынак таго, хто валодае большай унутранай сілай: таго, хто дабром перамагае зло, хто выклікае крызіс у сэрцы ворага, выкрывае глупства яго нянавісці. Гэта тактыка, прадыктаваная не разлікам, а любоўю”, - адзначыў Францішак.

Ён заўважыў, што любоў да ворагаў была б немагчымай, калі б гэта залежала толькі ад нас. Але калі Бог “кажа мне любіць сваіх ворагаў, Ён хоча даць мне здольнасць рабіць гэта”. Таму мы павінны маліцца аб той моцы любові, якой з’яўляецца прысутнасць Духа Святога ў нас.

“З Духам Езуса мы можам адказваць на зло дабром, можам любіць тых, хто робіць нам зло. Гэта тое, што робяць хрысціяне. Як жа сумна, калі людзі і народы, якія ганарацца тым, што яны хрысціяне, бачаць у іншых ворагаў і думаюць аб вайне адно супраць аднаго!” – заўважыў Святы Айцец.
 

20 лютага 2022, 13:07

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >