Пантыфік: дазволім Езусу ўвайсці ў човен нашага жыцця

Падчас сустрэчы з вернікамі, якія 6 лютага 2022 года сабраліся на плошчы святога Пятра ў Ватыкане на малітву Анёл Панскі, Францішак пракаментаваў евангельскі ўрывак пра пакліканне Езусам першых вучняў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Евангелле сённяшняй літургіі прыводзіць нас на бераг Галілейскага возера. Натоўп ціснуўся да Езуса, у той час як некаторыя расчараваныя рыбакі, сярод якіх Сымон Пётр, паласкалі сеткі пасля няўдачнай начной рыбнай лоўлі. І вось Езус уваходзіць менавіта ў човен Сымона, а потым заклікае яго адплыць на глыбіню і закінуць сеткі яшчэ раз. Давайце засяродзімся на гэтых двух дзеяннях Езуса: спачатку ўваходзіць у човен, а потым просіць адплыць на глыбіню”, - прапанаваў Папа.

Францішак заўважыў, што Езус увайшоў у човен Пятра для таго, каб навучаць. Ён выбраў менавіта той човен, які не быў поўным рыбы, але вярнуўся на бераг пустым, пасля ночы працы і расчараванняў.

“Гэта цудоўны вобраз таксама для ўсіх нас: кожны дзень човен нашага жыцця пакідае бераг дому, каб увайсці ў мора штодзённых спраў; кожны дзень мы імкнемся “рыбачыць на глыбіні”, рэалізоўваць мары, спаўняць задумы, жыць любоўю ў нашых адносінах. Але часта, як Пётр, перажываем “ночы пустых сетак”, расчараванне, звязанае з тым, што працавалі шмат, але не ўбачылі чаканых вынікаў: “Працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі” (Лк 5,5). Як часта таксама і мы застаемся з пачуццём паразы, у той час як у сэрцы нараджаецца расчараванне і горыч, - сказаў Папа.

Пантыфік зазначыў, што менавіта ў такой сітуацыі “Пан вырашае ўвайсці ў наш човен: менавіта адсюль Ён хоча абвяшчаць Евангелле свету; менавіта пусты човен, сімвал нашай няздольнасці, становіцца “катэдрай” Езуса, амбонай з якой абвяшчае Слова”. “Пану падабаецца рабіць гэта: уваходзіць у нашу пустату і напаўняць яе сваёй прысутнасцю; карыстацца нашай беднасцю, каб абвяшчаць сваё багацце, нашай мізэрнасцю, каб абвяшчаць міласэрнасць”, - запэўніў Святы Айцец.

Папа заклікаў памятаць, што “Богу не патрэбны круізны лайнер, Яму дастаткова беднага “драхлага” чоўна, галоўнае, каб мы Яго прынялі”. “Але ці дазваляем мы ўвайсці Яму ў човен нашага жыцця? Ці даем Яму ў распараджэнне тое нямногае, што маем?”, - спытаў Францішак. “Часам мы адчуваем сябе нягоднымі Яго, бо з’яўляемся грэшнікамі, але Пану не падабаецца такое апраўданне, бо аддаляе Яго ад нас! Ён – Бог блізкасці: не шукае перфекцыянізму, але адкрытасці. Таксама і табе Ён кажа: “Дазволь мне ўвайсці ў човен твайго жыцця, такі, якім ён ёсць”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што так Пан вярнуў давер Пятру: увайшоў у яго човен, а пасля прапаведвання сказаў яму: “Адплыві на глыбіню”. “Гэты не быў час, адпаведны для рыбнай лоўлі, але Пётр даверыўся Езусу. Не абапіраўся на стратэгіі рыбакоў, якія добра ведаў, але на навізну, якая паходзіла ад Езуса”, - зазначыў Папа, падкрэсліваючы, што гэта актуальна таксама для нас: калі прымем Пана ў наш човен, можам адплыць на глыбіню.

“З Езусам мы плывем па моры жыцця без страху, не паддаючыся расчараванню, калі не можам злавіць нічога, і не паддаемся прынцыпу “больш нічога не зробіш”. Заўсёды, як у асабістым жыцці, так і ў жыцці Касцёла і грамадства, ёсць нешта прыгожае і мужнае, што можна зрабіць. Мы заўсёды можам распачаць спачатку, Пан заўсёды запрашае нас зноў уключыцца ў гульню, бо Ён адкрывае новыя магчымасці. Давайце прымем запрашэнне: прагонім песімізм і недавер і адплывем на глыбіню з Езусам! Таксама і наш малы пусты човен убачыць цудоўны лоў”, - запэўніў Святы Айцец, заклікаючы прасіць Багародзіцу, каб Яна, якая, як ніхто іншы прыняла Пана ў човен жыцця, падтрымала нас і заступалася за нас.
 

06 лютага 2022, 12:30

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >