Святы Айцец: ніякіх кампрамісаў за злом

Сапраўднае шчасце і свабода не заключаюцца ў валоданні, а ў дзяленні; не ў выкарыстанні іншых, а ў любові да іх; не ў апантанасці ўладай, а ў радасці служэння, - падкрэсліў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая 6 сакавіка 2022 года прайшла ў Ватыкане, Францішак пракаментаваў нядзельны евангельскі ўрывак, у якім апавядаецца пра тое, які Святы Дух прывёў Езуса ў пустыню, дзе Яго спакушаў д’ябал. Папа заўважыў, што “пустыня сімвалізуе барацьбу з падступствам зла дзеля таго, каб навучыцца выбіраць сапраўдную свабоду”.

Насамрэч, “Езус перажыў досвед пустыні”, перад тым як пачаў сваю публічную місію. Менавіта праз духоўную барацьбу Ён рашуча сцвярджае якога роду Месіяй намераны быць, - сказаў Пантыфік, запрашаючы паразважаць пра спакусы, з якімі змагаўся Хрыстус.

Д’ябал двойчы казаў Езусу: “Калі Ты Сын Божы...”, прапануючы, такім чынам, выкарыстаць сваю пазіцыю: спачатку, каб задаволіць матэрыяльныя патрэбы, якія адчуваў; затым, каб умацаваць сваю ўладу; і потым, нарэшце, каб атрымаць ад Бога прароцкі знак. Д’ябал нібыта заклікаў Езуса атрымаць выгаду ад таго, што Ён з’яўляецца Божым Сынам.

“Гэта была спакуслівая прапанова, але яна вяла да няволі сэрца: яна робіць нас апантанымі жаданнем мець, яна зводзіць усё да валодання рэчамі, уладай, славай. У гэтым сутнасць спакус: гэта “атрута жарсцямі”, у якой караніцца зло”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што Езус паказаў як перамагчы спакушэнне злом: “адказваючы на спакусы Божым словам, якое кажа не выкарыстоўваць, не ўжываць Бога, іншых людзей і рэчы дзеля ўласнай выгады, не выкарыстоўваюць уласную пазіцыю для здабыцця прывілеяў”. “Бо сапраўднае шчасце і свабода не заключаюцца ў валоданні, а ў дзяленні; не ў выкарыстанні іншых, а ў любові да іх; не ў апантанасці ўладай, а ў радасці служэння”, - сказаў Пантыфік.

“Браты і сёстры, гэтыя спакусы спадарожнічаюць таксама і нам на жыццёвым шляху. Мы павінны быць пільнымі, бо часта яны з’яўляюцца пад выглядам нечага добрага. Насамрэч, д’ябал, які з’яўляецца хітрым, заўсёды карыстаецца падманам. Ён хацеў пераканаць Езуса ў тым, што яго прапановы будуць карыснымі, каб паказаць кім на самай справе ёсць Божы Сын. Аналагічным чынам ён паступае з намі: часта прыходзіць з “салодкімі вачыма”, з “анёльскім тварам”, ён здольны нават маскіравацца за матывамі, якія здаюцца сакральнымі, рэлігійнымі”, - дадаў Папа.

Францішак папярэдзім, што калі мы паддадзімся ліслівасці д’ябла, тады пачнем апраўдваць нашу крывадушнасць, хаваючы яе за добрымі намерамі, маўляў: “Я вёў нячыстыя справы, але дапамог бедным”; “я скарыстаўся маёй пасадай, але для добрай мэты”; “я паддаўся маім інстынктам, але не хацеў рабіць зло нікому”.

“Калі ласка: ніякіх кампрамісаў са злом! Са спакусай нельга весці дыялог, нельга паддавацца таму сну сумлення, які прымушае казаць: “па-сутнасці нічога страшнага, усе робяць так!”. Давайце глядзець на Езуса, які не шукае камфорту, не заключае пагадненняў са злом. Д’яблу Ён супрацьпастаўляе Божае слова і так перамагае спакусы”, - дадаў Святы Айцец.

“Няхай гэты час Вялікага посту стане для нас таксама часам пустыні”, - пажадаў Папа, заклікаючы стварыць месца для цішыні і малітвы. “Зробім унутраную яснасць, становячыся перад Божым словам у малітве, каб пасялілася ў нас дабратворная барацьба супраць зла, якое робіць нас нявольнікамі, барацьба за свабоду”, - заахвоціў вернікаў Францішак.
 

06 сакавіка 2022, 13:18

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >