Анёл Панскі: не быць помслівымі і нецярпімымі падчас цяжкасцей
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Святы Айцец спаслаўся на ўрывак з Евангелля, прызначанага на ХІІІ Звычайную нядзелю (Лк 9, 51-62), дзе сказана, што трэба пакінуць усё, каб ісці за Езусам. Францішак адзначыў, што гэты тэкст пачынаецца з акцэнту на тым, што Збаўца “цвёрда вырашыў ісці ў Ерузалем” (Лк 9, 51), ведаючы, што Яму давядзецца там шмат пакутаваць. Затым апісваецца сцэна непрыняцця Хрыста самаранамі, на што апосталы адказваюць гневам, прапаноўваючы Езусу пакараць гэтых людзей, паслаўшы ім агонь з неба. Тым часам Збаўца дакарае іх, звяртаючы ўвагу на тое, што “агонь”, які Ён прыйшоў прынесці на зямлю (Лк 12, 49), з’яўляецца міласэрнай любоўю Айца.
Францішак заўважыў, што так часта адбываецца і з намі, калі, робячы дабро, мы сутыкаемся з непрыняццем. “Між тым Езус ідзе іншым шляхам, шляхам цвёрдай рашучасці, якая з’яўляецца знакам не суровасці, а міру, цярпення, настойлівасці, імкнення ніякім чынам не аслабіць нашай прыхільнасці рабіць дабро”, - падкрэсліў Папа, адзначыўшы што Езус пайшоў “у іншую вёску”.
Святы Айцец заахвоціў вернікаў паразважаць пра сваё стаўленне падчас нягод і непаразуменняў: ці звяртаемся да Пана, просім у Яго настойлівасці ў чыненні дабра; ці шукаем адабрэння ў апладысментах, а калі іх не чуем, то становімся горкімі і крыўдлівымі?
“Часам нам здаецца, што наш энтузіязм зыходзіць ад пачуцця справядлівасці ў добрай справе, але насамрэч часцей за ўсё гэта не што іншае, як гонар у спалучэнні са слабасцю, раздражняльнасцю і нецярпеннем. Дык давайце папросім у Езуса сілы быць падобнымі на Яго, ісці за Ім з цвёрдай рашучасцю. Каб мы не былі помслівымі і нецярпімымі, калі ўзнікаюць цяжкасці, калі мы ахвяруем сабой дзеля дабра, а іншыя гэтага не разумеюць”, - заахвоціў Францішак перад малітвай Анёл Панскі і апостальскім благаслаўленнем.