Regina Caeli: Дух Святы дазваляе нам прыняць думкі Езуса як свае

Ролі Духа Святога, які вучыць і нагадвае нам пра тое, што сказаў Хрыстус, Папа прысвяціў 5 чэрвеня 2022 года сваю медытацыю перад малітвай Regina Caeli.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Аналізуючы дзеянне Духа Святога, Францішак падкрэсліў, што ён дапамагае нам пераадолець любую дыстанцыю паміж Евангеллем і жыццём, захоўвае свежай нашу веру. “Дух Святы не прывязваецца да мінулага або моды, але прыносіць актуальнасць уваскрослага і жывога Езуса сёння”, - заўважыў Пантыфік.

Папа адзначыў, што Дух Святы прымушае нас памятаць Евангелле, вяртаючы яго ў нашы сэрцы. Ён робіць пераход ад пазнання праз слуханне да асабістага пазнання Езуса. “Ён дазваляе нам прыняць думкі Езуса як свае”, - падкрэсліў Францішак.

Святы Айцец заўважыў, што перад абліччам нягод, стомленасці або крызісу мы лёгка забываемся на любоў Езуса, упадаючы ў сумневы і страх. Сродкам тут павінна быць малітва да Духа Святога.

“Давайце рабіць гэта часта, асабліва ў важныя моманты, перш чым прымаць цяжкія рашэнні. Давайце возьмем у рукі Евангелле і звернемся да Духа Святога. Можна сказаць так: “Прыйдзі, Дух Святы, нагадай мне Езуса, прасвятлі маё сэрца”. Тады трэба разгарнуць Евангелле і павольна прачытаць невялікі ўрывак. І Дух Святы пакіруе так, каб ён суаднёсся з нашым жыццём”, - рэкамендаваў Папа перад малітвай Regina Caeli.
 

05 чэрвеня 2022, 12:43

“Уладарка неба” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць у Велікодны перыяд Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >