Пантыфік: евангелізацыя патрабуе сведчання братэрскай любові

Калі няма адкрытасці на братэрства, евангелізацыйная місія не развіваецца, - заўважыў Францішак перад малітвай Анёл Панскі, якая 3 ліпеня 2022 года прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“У Евангеллі літургіі гэтай нядзелі мы чытаем, што “Пан вызначыў іншых семдзесят двух і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам меўся пайсці” (Лк 10,1)”, - пачаў сваё разважанне Святы Айцец, заўважаючы, што “вучні былі пасланы па двое, не па адным”.

“Выйсце на місію ўдвух, з практычнага пункту гледжання, здаецца прадугледжвае больш цяжкасцей, чым выгодаў. Ёсць рызыка таго, што паміж двума не будзе згоды, што будуць ісці ў розным рытме, што адзін стоміцца ці захварэе ў дарозе, вымушаючы іншага спыніцца. Але, калі ідзем у адзіночку, здаецца, што падарожжа будзе больш хуткім і гладкім. Езус, аднак, так не думае: Ён не пасылае перад самой адзіночак, але вучняў, што ідуць па двое. Давайце спытаемся ў сябе: якая прычына такога рашэння Пана?”, - заахвоціў паразважаць Францішак.

Папа заўважыў, што вучні павінны былі ісці наперадзе па вёсках і рыхтаваць людзей да прыняцця Езуса, а “інструкцыі”, які Ён даў ім, датычылі не столькі таго, што яны павінны былі казаць, але таго, якімі яны павінны быць: датычылі сведчання, якое павінны былі даваць, больш чым слоў, якія павінны былі казаць.

Францішак нагадаў, што Езус назваў сваіх вучняў “работнікамі”, гэта значыць “пакліканымі работаць, евангелізаваць сваімі паводзінамі”. А “першым канкрэтным дзеяннем, з дапамогай якога вучні павінны былі выконваць сваю місію, гэта менавіта “ісці па двое”, абвяшчаць Евангелле сваім жыццём праз здольнасць быць разам, паважаць адзін аднаго, не імкнуцца дэманстраваць, што з’яўляюцца больш здольнымі за іншага, мець згоду ў спасылцы на адзінага Настаўніка.

“Можна распрацаваць дасканалыя душпастырскія планы, пачынаць добра падрыхтаваныя праекты, арганізавацца да дробных дэталяў; можна збіраць натоўпы і мець шматлікія сродкі; але, калі няма адкрытасці на братэрства, евангелізацыйная місія не развіваецца”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа падзяліўся сведчаннем місіянера, які вырушыў у Афрыку разам са сваім сабратам, а праз некаторы час разлучыўся з ім, спыніўшыся ў адной з вёсак, дзе з поспехам рэалізаваў шэраг будаўнічых ініцыятыў на карысць мясцовай супольнасці. “Усё функцыянавала”, але аднойны ён зразумеў, што “яго жыццё было падобным на жыццё добрага прадпрымальніка, заўсёды паміж будаўнічых пляцовак і бухгалтарскіх папер”.

“Тады ён пакінуў кіраванне іншым і далучыўся да свайго сабрата. Так ён зразумеў, чаму Пан пасылаў вучняў па двое: евангелізацыйная місія не грунтуецца на асабістымі актывізме, на тым, каб “рабіць”, але на сведчанні братэрскай любові, нават праз цяжкасці, якія прадугледжвае жыццё разам”, - сцвердзіў Святы Айцец.

“Мы можам спытацца ў сябе: як мы нясем іншым добрую навіну Евангелля? Робім гэта ў духу і стыле братэрства, ці ў духу гэтага свету, з пратаганізмам, саперніцтвам і эфектыўнасцю ўсякім коштам? Давайце спытаемся ў сябе, ці маем здольнасць супрацоўнічаць, ці здольныя прымаць рашэнні разам, шчыра паважаючы таго, хто знаходзіцца побач, і ўлічваючы яго пункт гледжання. Насамрэч, асабліва такім чынам жыццё вучня дазваляе праявіцца жыццю Настаўніка, па-сапраўднаму абвяшчаючы Яго іншым. Няхай Панна Марыя, Маці Касцёла, навучыць нас падрыхтоўваць дарогу Пану праз сведчанне братэрства”, - пажадаў Пантыфік.
 

03 ліпеня 2022, 12:16

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >