Анёл Панскі: не празяваць Бога, Які праходзіць побач
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак спаслаўся на літургічнае евангельскае чытанне на XIX Звычайную нядзелю, дзе Езус просіць вучняў не паддавацца страху і заахвочвае іх быць пільнымі. Збаўца звяртаецца да іх з двума фундаментальнымі заклікамі: “не бойся, малы статак” (Лк 12, 32) і “будзьце ж гатовыя” (Лк 12, 35). Папа назваў іх “ключавымі словамі” для пераадолення страхаў, якія часам паралізуюць хрысціяніна, і барацьбы са “спакусай пасіўнага, спячага жыцця”.
Пантыфік нагадаў кантэкст, у якім прагучаў заклік Хрыста: “Ён толькі што скончыў гаварыць з імі пра любоў і дбайнасць Айца, Які клапоціцца пра палявыя лілеі і нябесных птушак, і яшчэ больш пра сваіх дзяцей”. Менавіта таму хрысціянін “не павінен хвалявацца і мітусіцца: наша гісторыя цвёрда знаходзіцца ў руках Бога, і нас радуе запрашэнне Езуса не баяцца”.
“Часам, насамрэч, мы адчуваем сябе зняволенымі пачуццямі недаверу і трывогі: гэта страх не дамагчыся поспеху, быць непрызнанымі і нелюбімымі, не ўмець ажыццявіць свае праекты, ніколі не быць шчаслівымі... мы змагаемся за пошук рашэнняў, адшуканне нейкай бяспечнай прасторы, назапашванне дабротаў і багацця, атрыманне бяспекі; а ў выніку жывём у пастаяннай трывозе і турбоце”, - звярнуў увагу Францішак.
Святы Айцец адзначыў, што Езус прапануе зусім іншае рашэнне: “Ён наадварот, супакойвае нас: не бойцеся! Даверцеся Айцу, Які хоча даць вам усё, што сапраўды патрэбна. Ён ужо даў вам свайго Сына, сваё Валадарства і заўсёды суправаджае вас сваім Провідам, клапоцячыся пра вас кожны дзень. Не бойцеся: вось упэўненасць, да якой можа прывязацца ваша сэрца!”.
Папа заўважыў, што з іншага боку ўсведамленне таго, што Бог з любоўю суправаджае нас, не дазваляе нам спаць і ленавацца: “наадварот, мы павінны быць уважлівымі і пільнымі”. “Сапраўды, любіць азначае быць уважлівым да іншых, усведамляць іх патрэбы, быць гатовым выслухаць і прыняць, быць у распараджэнні”, - дадаў ён.
Каментуючы другі заклік Хрыста – “будзьце ж гатовыя”, Пантыфік спаслаўся на шэкспіраўскага Гамлета, які кажа што ў розных сітуацыях жыцця, неспрыяльных ці шчаслівых, быць гатовым – гэта ўсё. Езус паўтарае такое запрашэнне некалькі разоў, робячы гэта праз прыпавесці. “Ва ўсіх іх пасланне аднолькавае: трэба не спаць, не паддавацца стоме, рассеянасці, унутранай ляноце, бо і ў той сітуацыі, калі мы гэтага не чакаем, прыходзіць Пан”, - патлумачыў ён.
“У канцы нашага жыцця Ён папросіць у нас справаздачу за давераныя нам даброты; па гэтай прычыне, быць пільным азначае таксама быць адказным: ахоўваць і кіраваць гэтымі дабротамі з дакладнасцю. Мы атрымалі так шмат: жыццё, веру, сям’ю, адносіны, працу, але таксама месцы, дзе мы жывём, наш горад, стварэнне”, - звярнуўся да вернікаў Пантыфік.
Францішак заклікаў сабраных на плошчы святога Пятра, з дапамогай Багародзіцы, “крочыць без страху, з упэўненасцю, што Пан заўсёды суправаджае нас”, не спаць, каб не празяваць Бога, Які праходзіць побач.