Анёл Панскі: не быць абыякавымі да несправядлівасці і карупцыі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
18 верасня 2022 года, у сваім разважанні перад малітвай Анёл Панскі, Францішак спаслаўся на ўрывак з Евангелля, які чытаецца ў XXV Звычайную нядзелю года С (Лк 16, 1-13), дзе гаворка ідзе пра несумленнага слугу.
Папа адзначыў, што карумпаваны чалавек трапляе ў праблемы, паколькі скарыстаўся маёмасцю свайго гаспадара; ён павінен будзе панесці адказнасць і страціць працу. Але карупцыянер не здаецца, не хоча змірыцца з лёсам, не грае ролю ахвяры; наадварот, адразу дзейнічае хітра і вынаходліва.
Часта тыя, хто жыве паводле крытэрыяў гэтага свету, умеюць знайсці сябе нават сярод бед, умеюць быць разумнейшым за іншых; “а вучні Езуса, гэта значыць мы, часам спім, застаёмся наіўнымі, не ўмеем праяўляць ініцыятыву, каб шукаць выхаду з цяжкасцей”, - звярнуў увагу Пантыфік.
Ён патлумачыў, што мае на ўвазе сітуацыю, калі ўзнікаюць асабістыя, сацыяльныя або касцёльныя крызісы: “часам мы дазваляем, каб нас ахапіла расчараванне, або ўпадаем у скаргі і становімся ў пазіцыю ахвяры”. “Замест гэтага, – кажа Езус, – таксама і нам можна быць праніклівымі паводле Евангелля, быць чулымі і ўважлівымі, распазнаючы рэчаіснасць, быць творчымі, каб шукаць добрыя рашэнні, для нас і для іншых”, - заўважыў Францішак.
Езус прапануе нам “вучэнне аб выкарыстанні дабротаў”: “Здабывайце сяброў сабе несправядлівай мамонай, каб, калі яна праміне, прынялі вас у вечныя шатры” (Лк 16, 9). “Каб атрымаць у спадчыну вечнае жыццё, неабавязкова назапашваць даброты гэтага свету, але важная любоў, якой мы будзем жыць у нашых братэрскіх адносінах. Вось запрашэнне Езуса: не выкарыстоўвайце даброты гэтага свету толькі для сябе і для свайго эгаізму, выкарыстоўвайце іх для падтрымання сяброўства, добрых адносін, для міласэрнасці, спрыяння братэрству і клопату пра самых слабых”, - патлумачыў Папа.
“У сучасным свеце таксама ёсць выпадкі карупцыі, такія як той, пра які распавядае нам Евангелле; несправядлівыя паводзіны, несправядлівая палітыка, эгаізм, які дамінуе ў рашэннях асоб і інстытутаў, і шмат іншых цёмных сітуацый. Але мы, хрысціяне, не павінны знеахвочвацца або, што яшчэ горш, дазваляць гэтаму працягвацца, заставацца абыякавымі. Наадварот, мы пакліканы творча рэалізаваць дабро, з евангельскімі разважлівасцю і вынаходлівасцю, выкарыстоўваючы даброты гэтага свету – не толькі матэрыяльныя, але і ўсе дары, якія мы атрымалі ад Пана – не для таго, каб узбагаціцца, але каб спараджаць братэрскую любоў і грамадскае сяброўства”, - сказаў Францішак.
Завяршаючы разважанне, Пантыфік заклікаў вернікаў прасіць Багародзіцу, “каб дапамагла быць падобнымі да Яе – ўбогімі духам і багатымі ўзаемнай любоўю”.