Анёл Панскі: дазволім маладому пакаленню дыхаць паветрам міру

2 кастрычніка 2022 года, у сваім разважанні перад малітвай Анёл Панскі Францішак заклікаў “спыніць спіраль гвалту і смерці” ва Украіне і шукаць магчымасці для перамоў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Папа адзначыў, што “ход вайны ва Украіне стаў настолькі цяжкім, разбуральным і пагрозлівым, што выклікае вялікую заклапочанасць”. Ён назваў тое, што там адбываецца “жудаснай і неспасціжнай ранай чалавецтва, якая замест таго каб загаіцца, працягвае крывавіцца, рызыкуючы пашырыцца”.

Святы Айцец засмучаны рэкамі крыві і слёз, якія былі праліты ў гэтыя месяцы, тысячамі ахвяр, асабліва сярод дзяцей, а таксама шматлікімі разбурэннямі, якія пакінулі без прытулку многіх людзей і пагражаюць ім маразамі і голадам. “Такія дзеянні ніколі не могуць быць апраўданы! Ніколі!”, - лічыць Пантыфік. Яго трывожыць той факт, што свет знаёміцца з геаграфіяй Украіны праз такія назвы, як Буча, Ірпень, Марыупаль, Ізюм, Запарожжа і іншыя месцы неймаверных пакут і страху. “І што казаць наконт таго, што чалавецтва зноў сутыкаецца з атамнай пагрозай? Гэта абсурдна”, - адзначыў Францішак.

“Што яшчэ павінна адбыцца? Колькі крыві яшчэ павінна праліцца, каб мы зразумелі, што вайна ніколі не з'яўляецца вырашэннем праблем, але выключна знішчэннем?” - запытаў Пантыфік.

“У імя Бога і пачуцця людскасці, якое жыве ў кожным сэрцы”, ён чарговы раз заклікаў да неадкладнага спынення агню. “Няхай замаўчыць зброя і распачнуцца пошукі ўмоў для правядзення перамоў, здольных прывесці да вырашэння праблем, не навязаных сілай, але ўзгодненых, справядлівых і стабільных. Каб стаць такімі, перамовы павінны быць заснаваны на павазе да святой каштоўнасці чалавечага жыцця, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласці кожнай краіны, а таксама правоў меншасцей і законных заклапочанасцей”, - звярнуўся Святы Айцец.

Папа асудзіў “сур'ёзную сітуацыю”, ва Украіне, калі мелі месца “далейшыя дзеянні, якія супярэчаць прынцыпам міжнароднага права”. Гэта, на яго думку, “павышае рызыку ядзернай эскалацыі”, выклікае страх перад некантраляванымі і катастрафічнымі наступствамі на глабальным узроўні.

Святы Айцец звярнуўся, у першую чаргу, да прэзідэнта Расійскай Федэрацыі, просячы яго “спыніць, у тым ліку ў імя любові да свайго народа, гэту спіраль гвалту і смерці”. З іншага боку, глыбока засмучаны велізарнымі пакутамі ўкраінскага народа, ён заклікаў прэзідэнта Украіны быць адкрытым для сур'ёзных прапаноў міру. Францішак настойліва прасіў усіх міжнародных дзеячоў і палітычных лідараў краін свету “зрабіць усё магчымае, каб спыніць вайну, не ўцягваючыся ў небяспечную эскалацыю, а таксама прасоўваць і падтрымліваць ініцыятывы дыялогу”.

“Калі ласка, дазволім маладому пакаленню дыхаць святым паветрам міру, а не паветрам, забруджаным вайной, якая ёсць вар'яцтвам!” - заклікаў Святы Айцец.

“Пасля сямі месяцаў варожасці неабходна прыкласці ўсе дыпламатычныя намаганні, нават тыя, якія дагэтуль не выкарыстоўваліся, каб спыніць гэту велізарную трагедыю. Вайна сама па сабе – гэта памылка і жах!” – лічыць Папа.

“Спадзяёмся на міласць Пана, якая можа змяніць сэрцы, і на матчына заступніцтва Каралевы свету, у той момант, калі ўзносіцца малітва да Маці Божай у Пампеях і ў шматлікіх частках свету”, - завяршыў свой зварот перад малітвай Анёл Панскі Францішак.
 

02 кастрычніка 2022, 12:47

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >