Анёл Панскі: абарона дабра патрабуе ад нас барацьбы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што арханёл Габрыэль называе Марыю “поўнай ласкі” – свабоднай ад граху. Папа падкрэсліў, што кожны з нас у дзень хросту атрымаў таксама своеасаблівую ласку, якую не ўсе ўсведамляюць: Бог увайшоў у наша жыццё, мы назаўсёды сталі Яго любімымі дзецьмі.
“Сёння Марыя, натхнёная ласкай, якая зрабіла Яе прыгожай з першага моманту яе жыцця, вядзе нас да захаплення нашай прыгажосцю”, - звярнуў увагу Францішак. Ён заўважыў, што пад шкарлупінай зла, якім мы заплямілі сябе, у нас хаваецца большае за яго дабро. Аднак абарона гэтага дабра патрабуе ад нас барацьбы, таму што гаворка ідзе пра выбар няпросты і не відавочны.
Пантыфік адзначыў, што “Марыя, адзінае чалавечае стварэнне ў гісторыі, свабоднае ад граху, знаходзіцца побач з намі ў нашай барацьбе, яна наша сястра і, перш за ўсё, наша маці. І мы, якія з цяжкасцю выбіраем дабро, можам даверыць сябе Ёй”. Папа заахвоціў рабіць гэта без страху.
“Няхай Беззаганная дапаможа нам абараніць нашу прыгажосць ад зла”, - заклікаў Святы Айцец перад тым, як памаліцца Анёл Панскі і ўдзяліць апостальскае благаслаўленне.