Анёл Панскі: абарона дабра патрабуе ад нас барацьбы

Ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, 8 снежня 2022 года, Францішак сустрэўся з вернікамі на малітве Анёл Панскі і падзяліўся з імі сваім разважаннем.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што арханёл Габрыэль называе Марыю “поўнай ласкі” – свабоднай ад граху. Папа падкрэсліў, што кожны з нас у дзень хросту атрымаў таксама своеасаблівую ласку, якую не ўсе ўсведамляюць: Бог увайшоў у наша жыццё, мы назаўсёды сталі Яго любімымі дзецьмі.

“Сёння Марыя, натхнёная ласкай, якая зрабіла Яе прыгожай з першага моманту яе жыцця, вядзе нас да захаплення нашай прыгажосцю”, - звярнуў увагу Францішак. Ён заўважыў, што пад шкарлупінай зла, якім мы заплямілі сябе, у нас хаваецца большае за яго дабро. Аднак абарона гэтага дабра патрабуе ад нас барацьбы, таму што гаворка ідзе пра выбар няпросты і не відавочны.

Пантыфік адзначыў, што “Марыя, адзінае чалавечае стварэнне ў гісторыі, свабоднае ад граху, знаходзіцца побач з намі ў нашай барацьбе, яна наша сястра і, перш за ўсё, наша маці. І мы, якія з цяжкасцю выбіраем дабро, можам даверыць сябе Ёй”. Папа заахвоціў рабіць гэта без страху.

“Няхай Беззаганная дапаможа нам абараніць нашу прыгажосць ад зла”, - заклікаў Святы Айцец перад тым, як памаліцца Анёл Панскі і ўдзяліць апостальскае благаслаўленне.
 

08 снежня 2022, 12:23

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >