Анёл Панскі: адмовіцца ад мовы і жэстаў, натхнёных эгаізмам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Святы Айцец заахвоціў вернікаў маліцца праз заступніцтва Маці Божай за памерлага 31 снежня 2022 года Бэнэдыкта XVI. “Усе разам, адным сэрцам і душой, дзякуем Богу за дар гэтага вернага слугі Евангелля і Касцёла”, - сказаў ён.
Затым Пантыфік запрасіў браць прыклад з Марыі і ў новым годзе вучыцца ў Яе апекі, якая з’яўляецца выразам любові і, адначасова, характэрнай рысай мацярынства. “Клопат – гэта таксама мова Маці Божай”, - сцвердзіў Папа, запрашаючы ўсіх паразважаць над сцэнай Божага Нараджэння і стаўленнем Марыі да нованароджанага Дзіцятка Езуса.
“Калі мы сапраўды хочам, каб Новы год быў добрым, калі мы хочам аднавіць надзею, нам трэба адмовіцца ад мовы, жэстаў і рашэнняў, натхнёных эгаізмам, і вывучыць мову любові, якой з'яўляецца клопат. Наш абавязак – клапаціцца пра наша жыццё, наш час, нашы душы, клапаціцца пра стварэнне і асяроддзе, у якім мы жывём, а яшчэ больш пра нашых бліжніх, тых, каго Пан паставіў побач з намі, а таксама пра нашых братоў і сясцёр, якія знаходзяцца ў патрэбе і чакаюць нашай увагі і спагады”, - звярнуўся Святы Айцец.
Ён таксама нагадаў, што ў Сусветны дзень міру чалавецтва павінна асаблівым чынам памятаць пра абавязак клапаціцца аб будучыні свету. “Перад абліччам асабістых і грамадскіх крызісаў, перад абліччам трагедый вайны мы пакліканы з адказнасцю і спачуваннем ставіцца да выклікаў нашага свету. І мы робім гэта, калі клапоцімся адно пра аднаго і калі ўсе разам клапоцімся пра наш супольны дом”, - заклікаў Францішак, просячы заступніцтва Маці Божай як настаўніцы спагады і клопату.