Анёл Панскі: чалавек чалавеку – дар
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак пачаў з першага: “Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае”. Ён адзначыў, што гаворка ідзе пра людзей, якія жывуць як “жабракі Бога”, жадаючы, каб ні адзін дар не быў змарнаваны. Такое стаўленне дазваляе цаніць сябе, людзей і рэчы.
Святы Айцец заклікаў не марнаваць дар, якім з’яўляецца сам чалавек для іншага чалавека. “Дары трэба берагчы і дзяліцца з іншымі такім чынам, каб нікому не бракавала неабходнага”, - звярнуў увагу ён.
Папа таксама заклікаў не адкідваць людзей, асабліва самых слабых: ненароджаных дзяцей, старых, патрабуючых і няпоўнаспраўных. “Кожны чалавек – гэта святы і непаўторны дар, у любым узросце і ў любым стане. Будзем жа заўсёды паважаць жыццё і спрыяць яму!” - звярнуўся Францішак.
Ён заахвоціў вернікаў задаць сабе некалькі пытанняў: пра тое, як мы жывём духам беднасці, пра наша адказнае выкарыстанне дабротаў, дзяленне імі з іншымі і пра тое, як мы ставімся да самых слабых.
“Няхай Марыя, Жанчына Благаслаўленняў, дапамагае нам сведчыць пра радасць таго, што жыццё з’яўляецца дарам, і пра прыгажосць дарэння саміх сябе”, - сказаў Папа 29 студзеня 2023 года, завяршаючы сваё разважанне.