Анёл Панскі: чалавек чалавеку – дар

У разважанні да малітвы Анёл Панскі Папа заклікаў не марнаваць дароў, якімі Бог узнагародзіў чалавека. Ён спаслаўся на ўрывак з Евангелля святога Мацвея (5, 1-12), які змяшчае восем “благаслаўленняў”.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак пачаў з першага: “Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае”. Ён адзначыў, што гаворка ідзе пра людзей, якія жывуць як “жабракі Бога”, жадаючы, каб ні адзін дар не быў змарнаваны. Такое стаўленне дазваляе цаніць сябе, людзей і рэчы.

Святы Айцец заклікаў не марнаваць дар, якім з’яўляецца сам чалавек для іншага чалавека. “Дары трэба берагчы і дзяліцца з іншымі такім чынам, каб нікому не бракавала неабходнага”, - звярнуў увагу ён.

Папа таксама заклікаў не адкідваць людзей, асабліва самых слабых: ненароджаных дзяцей, старых, патрабуючых і няпоўнаспраўных. “Кожны чалавек – гэта святы і непаўторны дар, у любым узросце і ў любым стане. Будзем жа заўсёды паважаць жыццё і спрыяць яму!” - звярнуўся Францішак.

Ён заахвоціў вернікаў задаць сабе некалькі пытанняў: пра тое, як мы жывём духам беднасці, пра наша адказнае выкарыстанне дабротаў, дзяленне імі з іншымі і пра тое, як мы ставімся да самых слабых.

“Няхай Марыя, Жанчына Благаслаўленняў, дапамагае нам сведчыць пра радасць таго, што жыццё з’яўляецца дарам, і пра прыгажосць дарэння саміх сябе”, - сказаў Папа 29 студзеня 2023 года, завяршаючы сваё разважанне.
 

29 студзеня 2023, 12:29

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >