Анёл Панскі: Бог кліча кожны дзень, тут і сёння, у нашым свеце
Марыя Валодзіна – Vatican News
Пантыфік нагадаў, што ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана Евангелле звяртае нашу ўвагу на трох мудрацоў, якія, прыбыўшы ў Бэтлеем, адчынілі скарбніцы свае і ахвяравалі Езусу дары: золата, кадзіла і міра (Мц 2, 11). “Гэтыя ўсходнія мудрацы праславіліся сваімі дарамі, але можна сказаць, што і яны атрымалі тры каштоўныя дары, якія маюць адносіны і да нас”, - адзначыў Францішак.
Першы дар – гэта дар паклікання. Мудрацы, здзіўленыя і збянтэжаныя навізной зоркі, усталі на шлях да невядомага. Адукаваныя і дасведчаныя, яны былі зачараваныя тым, чаго не ведалі. Яны адчувалі сябе пакліканымі ісці далей. Гэта важна і для нас: мы пакліканы не здавольвацца, шукаць Пана, выходзячы з нашай зоны камфорту, ісці да Яго разам з іншымі. “Таму што Бог кліча кожны дзень, тут і сёння, у нашым свеце”, - нагадаў Святы Айцец.
Другі дар – распазнанне. Мудрацы валодаюць ім, бо пакідаюць палац Ірада, сцерагчыся, і больш не будуць праходзіць каля яго, а вернуцца ў сваю краіну іншай дарогай (Мц 2, 12). На думку Папы, вельмі важна адрозніваць мэту жыцця ад спакусаў, якія сустракаюцца на шляху.
Нарэшце, трэці дар – здзіўленне. “Што знаходзяць гэтыя людзі высокага сацыяльнага ўзроўню пасля доўгага падарожжа? Дзіця і Маці. Відовішча, вядома, пяшчотнае, але не дзіўнае!” – сказаў Папа. – “Яны не бачаць анёлаў, як пастухі, але сустракаюць Пана ў бедных абставінах. Магчыма, яны чакалі магутнага Месію, а знайшлі Дзіця. І ўсё ж яны не думаюць, што памыліліся”. Са здзіўленнем вітаюць яны Пана, пакланяючыся Яму, бо “у малым яны распазналі аблічча Бога”. Пан сустракаецца менавіта там: у пакоры, у маўчанні, у глыбокай адарацыі, у малым і бедным, - звярнуў увагу Францішак.
“Браты і сёстры, мы ўсе пакліканы Езусам, мы ўсе можам распазнаць яго прысутнасць, Ён можа здзіўляць нас усіх. Сёння было б добра ўзгадаць дары, якія мы атрымалі: узгадаць, калі мы адчулі пакліканне Бога, калі, пасля шматлікіх намаганняў, змаглі распазнаць Яго голас, узгадаць незабыўнае здзіўленне перад Ім”, - заахвоціў вернікаў Францішак, просячы заступніцтва Маці Божай, каб мы маглі “памятаць і захоўваць атрыманыя дары”.