Пантыфік: удзел у місіі збліжае душпастыраў і свецкіх

На думку Папы, “яшчэ трэба прайсці доўгі шлях, каб Касцёл жыў як адно цэлае, як сапраўдны народ, аб’яднаны адной верай у Хрыста Збаўцу, ажыўлены тым жа Духам Святым і скіраваны да адзінай місіі абвяшчэння міласэрнай любові Бога Айца”.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

18 лютага 2023 года Францішак сустрэўся з удзельнікамі ватыканскага міжнароднага кангрэса, прысвечанага супрацоўніцтву духавенства і свецкіх католікаў. У ім прынялі ўдзел больш за сто вернікаў і больш за сто біскупаў і святароў з 75 епіскапатаў. Сярод гасцей былі таксама 29 дэлегатаў свецкіх касцёльных рухаў.

Пантыфік звярнуў увагу на важнасць супольнай місіі, якая “пераадольвае аўтаномную дзейнасць, паралельныя шляхі, якія ніколі не сустракаюцца”, калі “духавенства аддзелена ад свецкіх, кансэкраваныя асобы аддзелены ад духавенства і вернікаў, інтэлектуальная вера асобнай эліты аддзеленай ад народнай веры, Рымская курыя аддзелена ад партыкулярных Касцёлаў, біскупы аддзелены ад святароў, моладзь аддзелена ад пажылых, сужэнцы і сем’і мала ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці, харызматычныя рухі аддзелены ад парафій...”.

Вырашальным аспектам, на думку Святога Айца, тут з’яўляецца “народ, аб'яднаны ў місіі”. Сінадальнасць, над якой зараз разважаюць у Касцёле, “знаходзіць сваю крыніцу і канчатковую мэту ў місіі”, “удзел у місіі збліжае душпастыраў і свецкіх, стварае еднасць інтэнцый, паказвае ўзаемадапаўняльнасць розных харызмаў і, такім чынам, абуджае ва ўсіх жаданне ісці разам”.

Францішак закрануў і тэму падрыхтоўкі свецкіх католікаў, важную з пункту гледжання суадказнасці. Але такога роду фармацыя “павінна быць арыентаванай на місію”; яна “не можа быць схаластычнай, абмежаванай тэарэтычнымі ўяўленнямі”, гаворка ідзе аб максімальнай практычнасці; сапраўдная падрыхтоўка “нараджаецца са слухання Керыгмы, жывіцца Словам Божым і сакрамэнтамі”.

Неабходнасць цаніць свецкіх вернікаў у Касцёле “не залежыць ні ад нейкага тэалагічнага новаўвядзення, ні ад функцыянальных патрабаванняў у сувязі са скарачэннем колькасці святароў”, заўважыў Папа. “Яна мае сваю аснову ў належным бачанні Касцёла: Касцёла як Божага народа, правамернай часткай якога з’яўляюцца свецкія разам з пасвечанымі святарамі”, - дадаў ён.

У кулуарах кангрэса, прысвечанага супрацоўніцтву духавенства і свецкіх католікаў
У кулуарах кангрэса, прысвечанага супрацоўніцтву духавенства і свецкіх католікаў

На думку Пантыфіка, гаворка ідзе пра аднаўленне інтэгральнай эклезіялогіі, той, якая існавала ў першыя стагоддзі, “у якой усё яднаецца прыналежнасцю да Хрыста і звышнатуральнай еднасцю з Ім і братамі”, а пра сацыялагічную канцэпцыю, дзе існуюць класы і рангі, заснаваныя на аўтарытэце, прысвоеным кожнай катэгорыі.

Францішак перакананы, што “гэта жывая суадказнасць свецкіх і душпастыраў дапаможа пераадолець дыхатамію, страх і ўзаемны недавер”. “Надышоў час, каб душпастыры і свецкія ішлі разам ва ўсіх сферах жыцця Касцёла ў кожнай частцы свету!” - адзначыў ён.

Святы Айцец назваў канкрэтныя сферы, дзе маюць магчымасць рэалізавацца свецкія католікі: “яны могуць абвяшчаць Евангелле на сваёй штодзённай мове, удзельнічаючы ў розных формах прапаведавання”; “супрацоўнічаць са святарамі ў падрыхтоўцы дзяцей і моладзі, дапамагаць нарачоным у падрыхтоўцы да сужэнства і суправаджаць іх у сужэнскім і сямейным жыцці”; “з імі заўсёды трэба кансультавацца пры падрыхтоўцы новых душпастырскіх ініцыятыў на ўсіх узроўнях”; “ім трэба даць голас у душпастырскіх радах партыкулярных Касцёлаў”; “яны павінны прысутнічаць у офісах дыяцэзіі”; “яны могуць дапамагаць у духоўным суправаджэнні іншых свецкіх, а таксама садзейнічаць фармацыі семінарыстаў і манаскіх асоб”; “разам са святарамі яны павінны даваць хрысціянскае сведчанне ў свецкім асяроддзі: у свеце працы, культуры, палітыкі, мастацтва і сацыяльных зносін”.

“Я хацеў бы, каб усе мы мелі ў нашых сэрцах і розуме гэту прыгожую канцэпцыю Касцёла: Касцёла на місіі, у якім аб’яднаны сілы і ў якім мы разам крочым, каб евангелізаваць; Касцёла, дзе нас аб’ядноўвае тое, што мы хрысціяне, наша прыналежнасць да Езуса; Касцёла, у якім свецкія асобы і душпастыры жывуць у сапраўдным братэрстве, працуючы штодзень побач у кожнай душпастырскай сферы”, - падзяліўся сваёй марай Францішак.
 

18 лютага 2023, 12:06