Папа на Анёл Панскі: вера – гэта гісторыя любові з Богам

Не задавольвацца вонкавай рэлігійнасцю, а імкнуцца ўзрастаць у любові да Бога і бліжніх, - заклікаў Папа перад малітвай Анёл Панскі, якая 12 лютага 2023 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак пракаментаваў словы евангельскага літургічнага ўрыўка, у якім Езус сказаў: “Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць Закон ці Прарокаў. Не адмяніць прыйшоў Я, а выканаць (Мц 5,17). “Выканаць – гэта ключавое слова для разумення Езуса і Яго паслання. Што яно значыць?”, - прапанаваў паразважаць Папа, заўважаючы, што спачатку Езус патлумачыў, што не з’яўляецца выкананнем Закону.

“Святое Пісанне кажа “не забівай”, але для Езуса гэтага недастаткова, калі мы ранім братоў словамі; Святое Пісанне кажа “не чужалож”, але гэтага недастаткова, калі жывем любоўю, запэцканай двудушнасцю і хлуснёй; Святое Пісанне кажа “не сведчы фальшыва”, але недастаткова прынесці ўрачыстую прысягу, калі потым паводзім сябе крывадушна. Так не здзейсняецца выкананне”, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак спаслаўся на прыклад паводзін чалавека падчас абраду складання ахвяры Богу, які прывёў Езус. Гэты абрад быў настолькі важным, што нават забаранялася перарываць яго, хіба толькі па вельмі сур’ёзных прычынах. Езус, аднак, сцвярджае, што мы павінны перапыніць яго выкананне, калі брат наш мае нешта супраць нас, каб першымі пайсці памірыцца з ім: толькі такім чынам абрад будзе споўнены, у адваротным выпадку знешнія, чыста рытуальныя захаванні з’яўляюцца бескарыснымі.

“Іншымі словамі, Езус дае нам зразумець, што рэлігійныя нормы карысныя, добрыя, але з’яўляюцца толькі пачаткам: для іх выканання неабходна выйсці за межы літары і жыць іх сэнсам. Запаведзі, якія даў нам Бог, не павінны быць зачыненыя ва ўдушлівых сейфах фармальнага захавання, бо ў адваротным выпадку мы застанемся ў вонкавай і адарванай ад жыцця рэлігійнасці, слугамі “бога-гаспадара”, а не дзецьмі Бога Айца”, - патлумачыў Пантыфік.

Святы Айцец зазначыў, што гэта праблема існавала не толькі ў часы Езуса, але існуе і сёння: не дастаткова не забіваць, не красці, не крыўдзіць нікога, каб лічыць сябе ў парадку. “Гэта фармальнае захаванне, якое задавольваецца абавязковым мінімумам, у той час як Езус запрашае нас рабіць максімальна магчымае”, - падкрэсліў Папа.

Францішак заклікаў памятаць, што Бог любіць нас без разліку, “не па мінімуму, а па максімуму”. Бог не кажа нам: “Я люблю цябе да некаторай ступені”, бо “сапраўдная любоў ніколі не бывае да некаторай ступені і ніколі не адчувае сябе дастатковай; любоў выходзіць за рамкі”, што паказаў Езус, “падарыўшы нам жыццё на крыжы і прабачыўшы сваім забойцам”, - сказаў Пантыфік, нагадваючы таксама пра запаведзь, пакінутую нам Хрыстом: каб любілі адзін аднаго, як Ён палюбіў нас. “Гаворка ідзе пра любоў, якая дазваляе споўніцца Закону, веры і жыццю!”, - дадаў Святы Айцец.

Папа прапанаваў задумацца пра тое, як мы жывём верай. “Гэта пытанне разлікаў, фармалізму або гісторыя любові з Богам? Ці задавольваюся я тым, каб не рабіць зла, захоўваць вонкавую прыстойнасць або імкнуся ўзрастаць у любові да Бога і бліжніх? Ці час ад часу суадношу сябе з вялікай запаведдзю Езуса, ці пытаюся ў сябе: я люблю свайго бліжняга так, як любіць мяне Езус? Бо, магчыма, мы бываем цвёрдымі ў асуджэнні іншых і забываемся быць такімі міласэрнымі, як Бог з намі”, - заўважыў Пантыфік, заклікаючы прасіць Панну Марыі, якая дасканала захоўвала Божае Слова, дапамагчы нам рэалізаваць нашу веру і нашу любоў.
 

12 лютага 2023, 12:35

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >