Папа: у духоўнай барацьбе звяртайцеся да Божага слова
Марыя Валодзіна – Vatican News
У першую нядзелю Вялікага посту Пантыфік патлумачыў евангельскі ўрывак, у якім Езуса ў пустыні спакушае д'ябал (Мц 4, 1-11). Д'ябал – гэта той, хто падзяляе, - нагадаў Святы Айцец, запытаўшы: “Каго ж і якім чынам ён хоча падзяліць?”
Паводле Францішка, д'ябал выходзіць на сцэну, каб парушыць адзінства паміж Айцом, Сынам і Святым Духам, каб аддаліць Езуса ад Яго місіі, якая заключаецца ў тым, каб зрабіць нас удзельнікамі Яго адзінства з Айцом (Ян 17,11). Ён хоча скарыстацца чалавечым станам галоднага Езуса, які сорак дзён пасціўся ў пустыні (Мц 4,2). Ён імкнецца паралізаваць яго місію з дапамогай “трох моцных атрутаў”. Першая атрута – прыхільнасць да рэчаў, імкненне задавальняць патрэбы. Д'ябал спрабуе спакусіць галоднага Езуса, каб той ператварыў камяні ў хлеб. Другая атрута – недавер. Д'ябал прапануе Езусу кінуцца ўніз са святыні, каб упэўніцца ў тым, што Айцец сапраўды любіць Яго. Нарэшце, трэцяя атрута – улада. Спакуснік выпрабоўвае Езуса абяцаннем усіх валадарстваў свету. На думку Святога Айца, гэтыя тры небяспечныя спакусы шырока распаўсюджаны таксама і сярод нас. Д'ябал выкарыстоўвае іх, каб аддаліць нас ад Бога, ад братоў і сясцёр, “каб прывесці нас да адзіноты і адчаю”.
Але Езус перамагае, “пазбягаючы спрэчак з д'яблам і адказваючы Словам Божым”. Ён гаворыць аб свабодзе ад рэчаў, даверы і служэнні Богу. “Такім чынам, Езус вучыць нас абараняць адзінства з Богам і людзьмі ад нападаў таго, хто імкнецца падзяліць нас”, - сказаў Папа, дадаючы, што нам вельмі патрэбна адзінства.
Пантыфік прапанаваў вернікам паразважаць над пытаннем аб тым, якое месца ў іх жыцці займае Божае слова. Ён заахвоціў іх звяртацца да Евангелля ў духоўнай барацьбе са спакусамі або заганамі: “Давайце паспрабуем. Гэта дапаможа нам супрацьстаяць спакусам, таму што сярод галасоў, якія гучаць унутры нас, будзе гучаць дабратворнае Божае слова”, - параіў Пантыфік, запрашаючы памаліцца да Багародзіцы, каб тая суправаджала нас у духоўнай барацьбе падчас Вялікага посту.