Папа: Святы Дух заўсёды побач і нагадвае пра Божую любоў
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Францішак заўважыў, што ў евангельскім чытанні на VI Велікодную нядзелю Езус кажа пра Святога Духа, называючы Яго словам Паракліт, што азначае адначасова суцяшыцель і заступнік.
“Святы Дух не пакідае нас саміх, прабывае блізка з намі, як адвакат, які дапамагае падсуднаму, стоячы побач і падказваючы, як бараніцца перад тымі, хто абвінавачвае нас. Давайце будзем памятаць, што вялікімі абвінаваўцам заўсёды з’яўляецца д’ябал, які ўводзіць у грэх, у жаданне граху і зла. Паразважаем пра гэтыя два аспекты: пра Яго блізкасць да нас і Яго дапамогу перад тымі, хто асуджае нас”, - прапанаваў Папа.
“Святы Дух, кажа Езус, “з вамі ёсць і ў вас будзе”, - нагадаў Папа, падкрэсліваючы, што Дух з’яўляецца нашым пастаянны спадарожнікамі па жыцці. “Ён – цярплівы і прабывае з намі нават тады, калі мы падаем. Прабывае з намі, бо па-сапраўднаму любіць нас: не робіць выгляд, што любіць, каб потым пакінуць саміх у цяжкасцях”, - запэўніў Пантыфік.
Францішак адзначыў таксама, што Святы Дух суцяшае, прыносячы нам Божае прабачэнне і сілу, а калі паказвае нам нашы памылкі і папраўляе нас, робіць гэта ласкава: у Яго голасе, які прамаўляе да сэрца, заўсёды ёсць ноткі пяшчоты і цяплыні любові.
“Вядома, Дух Суцяшыцель патрабавальны, бо сапраўдны, верны сябар, не хавае нічога, раіць, што варта змяніць і як узрастаць. Але калі папраўляе нас – ніколі не прыніжае і не напаўняе паняверкай; наадварот, передае нам упэўненасць у тым, што з Богам у нас усё атрымаецца, заўсёды. Гэта – Яго блізкасць”, - сказаў Папа.
Гаворачы пра Святога Духа, як пра заступніка, Пантыфік заўважыў, што Ён бароніць нас перад тымі, хто абвінавачвае нас: перад самімі сабой, калі мы не любім і не прабачаем сябе, магчыма нават кажучы сябе, што з’яўляемся няўдачнікамі і няздатнымі ні на што; перад абліччам свету, які адчужае тых, хто не адпавядае яго схемам і мадэлям; перад абліччам д’ябла, які з’яўляецца дасканалым абвінаваўцам, тым, хто стварае падзелы і робіць усё, каб прывесці нас да адчування сябе няздольнымі і няшчаснымі.
Святы Дух падказвае нам як трэба адказваць, на ўсе гэтыя думкі, нагадваючы нам усё, што казаў Езус. “Ён нагадвае словы Евангелля і такім чынам дапамагае нам адказваць д’яблу-абвінаваўцу не нашымі словамі, але словамі самаго Пана. У першую чаргу Ён нагадвае тое, што Езус заўсёды казаў пра Айца, які ёсць у Небе, пазнаёміў з Ім і адкрыў Яго любоў да нас, Яго дзяцей. Калі будзем маліцца да Духа, навучымся прымаць і памятаць самае важнае ў жыцці – тое, што бароніць нас ад абвінавачванняў злога: што з’яўляемся ўмілаванымі дзецьмі Бога”, - сказаў Папа.
“Браты і сёстры, давайце спытаем сябе сёння: ці ўсклікаем мы да Святога Духа, ці часта молімся да Яго? Не будзем забывацца на Таго, Хто побач з намі, нават усярэдзіне нас! І потым, ці прыслухоўваемся мы да Яго голасу, як калі Ён падбадзёрвае нас, так і калі папраўляе? Ці адказваем мы словамі Езуса на абвінавачванні злога, на “суды” жыцця? Ці памятаем, што мы – умілаваныя дзеці Бога? Марыя зрабі нас паслухмянымі голасу Духа Святога і адчувальнымі да Яго прысутнасці”, - сказаў Пантыфік.