Пошук

Папа: Святы Дух дазваляе адчуць блізкую прысутнасць Бога

Быць Касцёлам, падобным на дом, у якім любяць як у сям’і, на хвалу Бога Айца і Сына і Духа Святога, - заклікаў Папа перад малітвай Анёл Панскі, якую правёў 4 чэрвеня 2023 года ў Ватыкане.

Францішак пракаментаваў літургічны евангельскі ўрывак на ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, які з’яўляецца часткай дыялогу паміж Езусам і Нікадэмам. Папа нагадаў, што Нікадэм быў членам сінедрыёну, якога вельмі цікавала таямніца Бога: ён распазнаў у Езусе боскага настаўніка і патаемна, ноччу, прыйшоў да Яго паразмаўляць.

Хрыстус выслухаў Нікадэма, зразумеў, што гэта быў шукаючы чалавек, і тады спачатку здзівіў яго, адказваючы, што трэба нарадзіцца нанова, каб увайсці ў Божае Валадарства; а потым адкрыў яму сутнасць таямніцы, кажучы, што Бог так палюбіў чалавецтва, што паслаў у свет свайго Сына: такім чынам Езус, Сын, распавядае нам пра Айца і Яго бязмежную любоў.

Францішак падкрэсліў, што вобраз Айца і Сына “парушае нашы ўяўленні пра Бога”, пра якога мы часта думаем як пра “выключную, велічную, далёкую рэчаіснасць”. Але пра Бога можна думаць таксама “праз вобраз сям’і, сабранай за сталом, у якой адбываецца дзяленне жыццём”.

“Але гэта не толькі вобраз, гэта рэальнасць! Гэта рэальнасць, бо Святы Дух, якога Айцец улівае праз Езуса ў нашы сэрцы, дазваляе дам адчуць смак, адчуць водар прысутнасці Бога: прысутнасці блізкай, спагадлівай і пяшчотнай. Святы Дух робіць з намі як Езус з Нікадэмам: уводзіць у таямніцу нараджэння нанова, паказвае нам сэрца Айца і робіць удзельнікамі Божага жыцця”, - дадаў Святы Айцец.

Святы Дух заклікае нас сесці за стол з Богам, каб раздзяліць Яго любоў. “Гэта тое, што адбываецца падчас кожнай Імшы, на алтары эўхарыстычнай вячэры, дзе Езус аддае сябе Айцу і аддае сябе за нас. Так, браты і сёстры, наш Бог – гэта адзінства любові: такім Яго паказаў нам Езус”, - сказаў Францішак, падкрэсліваючы, што пра гэта адзінства нагадвае просты штодзённы хрысціянскі жэст – знак крыжа.

“Пазначаючы наша цела знакам крыжа мы згадваем як нас палюбіў Бог, аддаўшы за нас сваё жыццё; і паўтараем самім сабе, што Яго любоў цалкам ахоплівае нас, зверху да нізу, злева направа, як абдымкі, якія не адпускаюць нас ніколі”, - сцвердзіў Пантыфік, дадаючы, што робячы знак крыжа, “мы бяром на сябе абавязацельства сведчыць пра Бога-любоў, ствараючы адзінства ў Яго імя”.

“Такім чынам сёння мы можам спытаць у сябе: ці сведчым мы пра Бога-любоў? Ці не стаў Бог-любоў толькі паняццем, нечым, пра што ўжо чулі, што не ўплывае на наша жыццё? Калі Бог – гэта любоў, ці сведчаць пра гэта нашы супольнасці? Ці ўмеюць любіць? (…) Ці з’яўляюцца сем’ямі? Ці заўсёды трымаем расчыненымі дзверы, ці здольныя прымаць усіх, падкрэсліваю – усіх, як братоў і сясцёр? Ці нясём усім пажытак Божага прабачэння і віно евангельскай радасці? Ці даем удыхнуць хатняе паветра або больш нагадваем офіс ці закрытае месца, куды ўваходзяць толькі выбраныя?”, - прапанаваў задумацца Папа.

“Няхай Марыя дапаможа нам быць Касцёлам, падобным на дом, у якім любяць як у сям’і, на хвалу Бога Айца і Сына і Духа Святога”, - завяршыў сваё нядзельнае разважанне Францішак.

04 чэрвеня 2023, 12:37

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >