Валанцёры Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне Валанцёры Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне 

Папа валанцёрам СДМ: шчодрасць напаўняе жыццё сэнсам і радасцю

Францішак запісаў спецыяльны відэазварот са словамі падзякі валанцёрам, якія дапамагаюць у арганізацыі Сусветных дзён моладзі. Ён быў абнародаваны 23 чэрвеня 2023 года.

“У першую чаргу дзякую вам за шчодрасць. Шчодрасць – быццам добрае віно. Калі чалавек губляе яе, яго жыццё становіцца крайне павярхоўным і смутным, бо шчодрасць уздымае цябе”, - сказаў юнакам і дзяўчатам Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што шчодрасці немагчыма навучыцца з кніг: яна развіваецца ў працэсе працы дзеля мэты. “І вы працуеце дзеля вялікай мэты, якой з’яўляецца гэта сустрэча моладзі. Дзякую вам за вашу працу, асабліва за энтузіязм. Ніколі не губляйце энтузіязму ў жыцці, бо менавіта ён падштурхоўвае нас ісці наперад”, - сказаў Францішак, дадаючы, што энтузіязм дапамагае маладым людзям напоўніць жыццё радасцю.

Сусветныя дні моладзі пройдуць 1-6 жніўня 2023 года ў Лісабоне. У ім прымуць удзел больш за мільён юнакоў і дзяўчат з амаль 200 краін свету. У валанцёры запісаліся каля 20 тысяч маладых людзей.
 

23 чэрвеня 2023, 13:00