Анёл Панскі: адрозніваць пярліны ад таго, што проста блішчыць
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак спаслаўся на ўрывак з Евангелля святога Мацвея (13, 44-52), які змяшчае прыпавесць пра гандляра, які знаходзіцца ў пошуку каштоўных пярлін. Ён заахвоціў задумацца над учынкамі гэтага чалавека, які спачатку шукае, потым знаходзіць і нарэшце купляе каштоўную пярліну.
Гаворачы аб першым дзеянні – пошуку, Папа падкрэсліў, што нельга жыць самазадавальненнем, неабходна адрадзіць жаданне, шукаць навізны Хрыста, “бо Пан не паўтараецца, Ён заўсёды прыносіць навізну, заўсёды робіць новымі рэаліі жыцця”.
Гаворачы аб пошуку, Святы Айцец звярнуў увагу на неабходнасць умення распазнаваць каштоўныя пярліны жыцця і адрозніваць іх ад таго, што проста блішчыць. “Давайце не будзем марнаваць час і свабоду на дробныя рэчы, забавы, якія пакідаюць нас унутры пустымі, а жыццё прапануе нам кожны дзень каштоўную пярліну сустрэчы з Богам і іншымі!” - звярнуўся Пантыфік.
Францішак падкрэсліў, што гандляр, жадаючы набыць пярліну, прадае ўсё, ахвяруе ўсёй маёмасцю, каб атрымаць яе. Ён адзначыў, што для нас каштоўнай пярлінай з’яўляецца сам Езус. Яго трэба шукаць і знайсці, зрабіць часткай сябе. “Варта ўкласці ў Яго ўсё, бо калі мы сустракаем Хрыста, жыццё змяняецца”, - звярнуў увагу Святы Айцец.
Папа заахвоціў задумацца, ці з’яўляемся мы людзьмі, якія шукаюць дабра, якія ўмеюць адрозніваць тое, што добра, тое, што зыходзіць ад Бога, якія маюць здольнасць ахвяраваць сабой дзеля Езуса?
“Няхай Марыя дапамагае нам шукаць, знаходзіць і прымаць Езуса ўсёй нашай істотай”, - завяршыў разважанні перад малітвай Анёл Панскі і апостальскім благаслаўленнем Пантыфік.