Анёл Панскі: чытаць знакі Бога, дзівіцца цудам Яго любові
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Гаворачы аб знаках дзеяння Бога ў свеце, Францішак звярнуў увагу на тое, што Ён аб’яўляе сябе “вызваляючым і аздараўляючым чалавека, з бязвыплатнай любоўю, якая збаўляе”. І за гэта “Езус праслаўляе Айца, таму што Яго веліч заключаецца ў любові, і Ён ніколі не дзейнічае па-за любоўю”.
Аднак “гэтай велічы ў любові не разумеюць тыя, хто, будучы славалюбнымі, лічаць сябе вялікімі і робяць ідалаў на сваё падабенства”, “не могуць прыняць Бога як Айца, перапоўненыя пыхай, ганарлівыя, заклапочаныя толькі сваімі інтарэсамі, перакананыя, што ніхто ім не патрэбны”.
З іншага боку, яе могуць прыняць “простыя людзі”, якія “маюць сэрца вольнае ад ганарыстасці і самалюбства”. “Малыя – гэта тыя, хто, як дзеці, адчувае сябе патрабуючым і несамадастатковым, хто адкрыты на Бога і дазваляе сабе захапляцца Яго справамі. Яны могуць чытаць Яго знакі, дзівіцца цудам Яго любові!” - растлумачыў Францішак.
Ён падкрэсліў, што “наша жыццё, калі над ім разважаць, поўнае цудаў”, поўнае “жэстаў любові, знакаў Божай дабрыні”. Правільным стаўленнем да Божых учынкаў ён лічыць “фатаграфаванне” іх у розуме, каб зрабіць уражанне ў сэрцы, а потым развіваць іх у жыцці, “праз шматлікія добрыя справы”, каб “фотаздымак” Божай любові станавіўся ўсё больш і больш ясным у нас і праз нас”.
Напрыканцы Святы Айцец заахвоціў вернікаў спытаць сябе: “Сярод патоку навін, якія нас перапаўняюць, ці магу я, як паказвае нам сёння Езус, спыніцца на вялікіх справах, якія робіць Бог? Ці дазваляю я, як дзіця, захапляцца дабрынёй, якая ціха змяняе свет? Ці благаслаўляю я кожны дзень Айца за Яго справы?”