Анёл Панскі: мы ўсе з’яўляемся прарокамі, сведкамі Езуса

Кожны з нас з’яўляецца прарокам: з хростам мы ўсе атрымалі дар і місію прароцтва, - сказаў Францішак 2 ліпеня 2023 года ў разважанні перад малітвай Анёл Панскі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец традыцыйна згадаў Евангелле гэтай нядзелі (Мц 10, 37-42) і спаслаўся на словы: “Хто прымае прарока ў імя прарока, узнагароду прарока атрымае” (Мц 10, 41).

Францішак падкрэсліў, што кожны хрысціянін з’яўляецца прарокам: з хростам мы ўсе атрымалі дар і місію прароцтва, каб праз дзеянне Духа Святога дапамагаць іншым чытаць сучаснасць, паказваць іншым Бога.

“Гэта вельмі важна: чытайце сучаснасць не як хроніку, не... чытайце яе як прасветленыя, як тыя, хто знаходзіцца пад уздзеяннем Духа Святога, Які дапамагае зразумець Божыя планы і адпавядаць ім. Іншымі словамі, прарок – гэта той, хто паказвае іншым Езуса, які сведчыць аб Ім, дапамагае жыць сёння і будаваць заўтра паводле Яго планаў. Такім чынам, мы ўсе з’яўляемся прарокамі, сведкамі Езуса, “каб моц Евангелля ззяла ў штодзённым сямейным і грамадскім жыцці” (Lumen gentium, 35). Прарок – гэта жывы знак, які паказвае Бога іншым, прарок – гэта водбліск святла Хрыста на шляху братоў”, - заўважыў Пантыфік.

Ён заклікаў вернікаў задумацца над тым, ці сапраўды мы гаворым і жывём як сведкі Езуса?

Папа звярнуў увагу на тое, што сённяшні ўрывак Евангелля таксама гаворыць аб прыняцці прарокаў. Ён заахвоціў сваіх слухачоў успрымаць адно аднаго як прапаведнікаў Божага паслання, як тых, хто робіць гэта “ў адпаведнасці са сваім станам і пакліканнем, там, дзе жывём: у сям’і, у парафіі, у рэлігійных супольнасцях, у розных сферах Касцёла і грамадства”.

“Дух размеркаваў дары прароцтва ў святым народзе Божым: таму карысна слухаць кожнага. Напрыклад, калі трэба будзе прыняць важнае рашэнне, добра перш за ўсё маліцца, заклікаць Духа Святога, але затым слухаць і весці дыялог, верачы, што кожны, нават самы маленькі, паколькі ў яго ёсць нешта важнае сказаць, мае прароцкі дар, якім ён можа падзяліцца”, - адзначыў Папа. Ён перакананы ў тым, што ісціна і сапраўдная “атмасфера слухання Бога і сваіх братоў і сясцёр” існуе тады, калі людзі адчуваюць сябе жаданымі не таму, што яны кажуць тое, што некаму падабаецца, але таму, што яны ёсць.

Францішак нагадаў аб тым, што, слухаючы іншых са шчырым жаданнем узаемаразумення, можна пазбегнуць многіх канфліктаў – кожнаму трэба вучыцца ў іншых.

“Няхай Марыя, Каралева Прарокаў, дапаможа нам убачыць і прыняць дабро, якое Дух Святы пасеяў у іншых”, - прасіў Святы Айцец перад марыйнай малітвай і апостальскім благаслаўленнем.
 

02 ліпеня 2023, 12:48

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >