Анёл Панскі: нястомна сеяць Слова Божае
Марыя Валодзіна – Vatican News
Францішак пракаментаваў евангельскую прыпавесць пра сейбіта (Мц 13, 1-23), у якой Езус выкарыстоўвае вельмі прыгожы вобраз пасеву для апісання дару Слова Божага. Як з маленькага насення вырастаюць пладаносныя расліны, так і Евангелле, маленькая кніга, “простая і даступная для ўсіх”, нараджае новае жыццё ў тых, хто яе прымае.
Такім чынам, калі слова – гэта насенне, то чалавек – глеба, якая прымае яго ці не прымае. Але Езус, добры сейбіт, не стамляецца шчодра сеяць у яе. Ён ведае, што камяні нашай зменлівасці і церні нашых заганаў могуць заглушыць Слова Божае, але заўсёды спадзяецца на багаты плён, - нагадаў Святы Айцец, дадаючы, што мы таксама пакліканы нястомна сеяць, і прывёў некалькі прыкладаў.
У першую чаргу, дабро і веру ў сэрцах сваіх дзяцей сеюць бацькі. Добрае насенне застанецца там і прарасце ў належны час. Калі пакідаць дзяцей ва ўладзе моды і мабільнага тэлефона, не ўдзяляць ім часу, не выхоўваць, то ўрадлівая глеба зарасце пустазеллем, - папярэдзіў Францішак.
Моладзь таксама можа сеяць Евангелле ў сваім паўсядзённым жыцці. Рабіць гэта можна, напрыклад, з дапамогай малітвы, валанцёрства і вучобы, якая, як пасеў, не адразу прыносіць задавальненне і вынікі, але вельмі важная для пабудовы лепшай будучыні для ўсіх.
Нарэшце, “сейбітамі Евангелля з'яўляюцца шматлікія добрыя святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі”, якіх Папа заахвоціў з радасцю ісці наперад, памятаючы пра людзей, якія пасеялі насенне Слова Божага ў іх жыцці.
У святле ўсяго гэтага Святы Айцец заахвоціў вернікаў спытаць сябе: “Ці сею я дабро? Ці збіраю я ўраджай толькі для сябе, альбо сею для іншых? Ці кідаю я евангельскае насенне ў паўсядзённым жыцці, падчас вучобы, працы, вольнага часу? Ці губляю я надзею, альбо, як Езус, працягваю сеяць, нават калі не бачу неадкладных вынікаў?”
Францішак заклікаў Марыю “дапамагчы нам быць шчодрымі і радаснымі сейбітамі Добрай Навіны”.