Анёл Панскі: Бог любіць нас як дзяцей, безумоўнай любоўю

Бог заўсёды шукае нас, каб праявіць сваю безумоўную і бескарыслівую любоў, - падкрэсліў Папа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая прайшла ў Ватыкане 24 верасня 2023 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Спасылаючыся на евангельскую прыпавесць пра работнікаў у вінаградніку (Мц 20,1-16), Святы Айцец заахвоціў слухачоў паразважаць над двума дзеяннямі Бога: па-першае, Ён кліча нас у любую гадзіну, па-другое, Ён плаціць усім аднолькава.

Па словах Папы, Бог – гэта Той, хто прыходзіць у любы час, каб паклікаць нас. Прыпавесць кажа, што гаспадар "выйшаў на світанні наняць работнікаў у свой вінаграднік", але затым працягвае выходзіць цягам усяго дня, каб наняць новых работнікаў. Такім чынам, мы разумеем, што Бог заўсёды, не стамляючыся, выходзіць, каб паклікаць нас. Бог не ацэньваў нашу вартасць, а сам узяў на сябе ініцыятыву і ў Езусе выйшаў да нас, каб праявіць сваю любоў. Ён шукае нас у любы час дня, ва ўсе гадзіны – гэта значыць у розныя перыяды нашага жыцця, да самай старасці. Для Яго ніколі не позна, ён заўсёды шукае нас і чакае нас.

Менавіта таму, што Бог такі шчодры сэрцам, Ён плаціць усім аднолькава, плаціць любоўю. Плаціць апошнім так жа, як першым, таму што Божая справядлівасць – гэта вышэйшая справядлівасць. Чалавечая справядлівасць кажа кожнаму па заслугах, а Бог проста любіць нас як дзяцей, безумоўнай і бескарыслівай любоўю.

Часам мы рызыкуем будаваць меркантыльныя адносіны з Богам, арыентуючыся больш на нашы заслугі, чым на шчодрасць Яго ласкі. Часам нават у Касцёле, замест таго, каб заўсёды прымаць усіх, мы асуджаем іншых людзей, забываючы, што Бог любіць іх той жа любоўю, што і нас. Нават у адносінах з іншымі людзьмі мы часам дзейнічаем па разліку, даём столькі, колькі атрымліваем, не асмельваючыся на нешта дадатковае, добрае, бескарыслівае, прапанаванае ад шчырага сэрца, - папярэдзіў Святы Айцец.

Пантыфік заахвоціў вернікаў спытаць сябе: Ці выходжу я насустрач людзям? Ці шчодры я да ўсіх? Ці магу я прапанаваць блізкаму больш разумення і прабачэння, як вучыць мяне Езус?

Нарэшце, Святы Айцец заклікаў слухачоў памаліцца Марыі, каб навучыла нас бязмернай любові.

24 верасня 2023, 12:18

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >