Анёл Панскі: не быць глухімі да Божага запрашэння
Марыя Валодзіна - Vatican News
Спасылаючыся на евангельскую прыпавесць пра вясельную гасціну (Мц 22, 1-14), Францішак падкрэсліў, што “гэта тое, што Бог рыхтуе для нас”: вяселле, на якое запрошаны ўсе мы, Божыя госці. Але вясельны банкет патрабуе ад нас часу і ўдзелу, патрабуе нашай свабоднай згоды. Бог заклікае нас быць з Ім, пакідаючы нам магчымасць прыняць запрашэнне ці адмовіць.
Без нашай згоды Бог не можа выратаваць нас, і не таму, што не мае такой магчымасці – Ён усемагутны! – але таму што, будучы любоўю, Ён да канца паважае нашу свабоду. “Бог прапануе, а не навязвае сябе”, - заўважыў Святы Айцец.
У прыпавесці гаворыцца, што кароль “паслаў сваіх слугаў паклікаць запрошаных на вяселле, але яны не хацелі прыйсці” (Мц 22, 3). Францішак назваў гэту адмову Богу “драмай гісторыі”. Людзі адмовіліся ад запрашэння не таму, што яно было непрыемнае, а таму, што ім было ўсё роўна, бо яны думалі пра свае справы. “Яны пагардзілі і адышлі, хто на сваё поле, а хто да свайго гандлю”, - гаворыцца ў Евангеллі. Кароль працягвае запрашаць, пакуль сярод бедных не знаходзіць тых, хто прымае запрашэнне, - нагадаў Папа.
“Браты і сёстры, як часта мы не звяртаем увагу на Божае запрашэнне, таму што думаем пра іншыя рэчы!” - сказаў Святы Айцец. Мы імкнемся мець больш вольнага часу, але час, прысвечаны Езусу, робіць нас вольнымі: палягчае і вылечвае наша сэрца, умацоўвае ў нас супакой, давер і радасць, ратуе ад зла, адзіноты і страты сэнсу. Аднак многія думаюць, што Імша, малітва, справы міласэрнасці – гэта пустая трата часу, і зачыняюцца ў сваім асабістым свеце, - з сумам адзначыў Францішак.
Пантыфік заахвоціў вернікаў спытаць сябе: Як я адказваю на запрашэнне Бога? Колькі часу я прысвячаю Яму штодзень? Ці залежыць якасць майго жыцця ад маіх спраў і вольнага часу ці ад любові да Пана і братоў, асабліва да самых бедных?
Святы Айцец заклікаў вернікаў памаліцца Марыі, каб дапамагла нам не быць глухімі да Яго запрашэнняў.