Анёл Панскі: быць шчырымі сведкамі Евангелля
Марыя Валодзіна - Vatican News
Папа спаслаўся на евангельскі ўрывак пра крывадушнасць кніжнікаў і фарысеяў. Езус кажа пра іх вельмі строга: “Бо яны гавораць і не робяць" і "усе ж учынкі свае робяць яны дзеля таго, каб паказацца людзям" (Мц 23, 3-5).
Францішак прапанаваў паразважаць над гэтымі двума аспектамі: разыходжаннем паміж словамі і справамі і перавагай знешняга над унутраным.
Першы аспект: разыходжанне паміж словамі і справамі. Езус аспрэчвае двудушнасць гэтых рэлігійных лідараў, якія ў Храме вучаць аднаму, а ў жыцці робяць другое. “Гэта тая небяспека, на якую варта звярнуць увагу: двудушнасць сэрца, якая ставіць пад пагрозу шчырасць нашага сведчання і руйнуе давер да нас як да людзей, як да хрысціян”, - заўважыў Святы Айцец.
Усе мы часам дэманструем разыходжанне паміж словамі і ўчынкамі, але іншая справа – мець крывадушнае сэрца, бестурботна "сядзець на двух крэслах". “Не крывадушнасці! - заклікаў Францішак. - Асабліва калі мы пакліканы гуляць адказную ролю ў жыцці, грамадстве або Касцёле”. Для святара, душпастыра, палітыка, настаўніка ці бацькі заўсёды дзейнічае правіла: тое, што вы кажаце, чаму вучыце іншых, вы абавязаны выконваць самі. Каб быць аўтарытэтнымі настаўнікамі, трэба быць сведкамі, якія заслугоўваюць даверу, - нагадаў Папа.
Другі аспект: перавага знешняга над унутраным. Крывадушныя кніжнікі і фарысеі вымушаны хаваць сваю непаслядоўнасць, каб выратаваць знешнюю рэпутацыю. Калі б людзі даведаліся, што насамрэч адбываецца ў іх сэрцах, яны б страцілі ўвесь аўтарытэт, - адзначыў Святы Айцец.
Францішак заахвоціў вернікаў спытаць сябе: ці імкнемся мы рабіць тое, што кажам, альбо жывем у крывадушнасці? Ці турбуемся мы толькі аб тым, каб паказацца бездакорнымі звонку, альбо клапоцімся аб сваім унутраным жыцці і шчырасці сэрца?
У заключэнне Папа заклікаў памаліцца, каб Марыя дапамагла нам стаць сведкамі Евангелля, якія заслугоўваюць даверу.