Пантыфік моліцца за ахвяр тэракта на Філіпінах
Марыя Валодзіна – Vatican News
У тэлеграме за подпісам Дзяржаўнага сакратара П'етра Параліна адзначаецца, што Францішак "глыбока засмучаны паведамленнем аб раненнях і гібелі людзей у выніку выбуху, які адбыўся падчас Святой Імшы ў Дзяржаўным універсітэце Мінданаа ў Мараві".
Святы Айцец звярнуўся да біскупа Эдвіна дэ ла Пенья-і-Ангота з просьбай запэўніць усіх пацярпелых ад гэтай трагедыі ў яго духоўнай блізкасці. "Ён далучаецца да Вас у тым, каб даверыць душы памерлых ласкавай міласэрнасці Усемагутнага Бога, і моліць аб Божых дарах ацалення і суцяшэння для параненых і тых, хто панёс цяжкую страту", - гаворыцца ў тэлеграме.
Францішак моліцца аб тым, каб Хрыстус дараваў усім сілу адмовіцца ад насілля і пераадолець усякае зло дабром, і перадае сваё благаслаўленне "як залог сілы і суцяшэння ў Пане", - гаворыцца ў тэлеграме.
Чатыры чалавекі загінулі і сорак два былі параненыя ў выніку нападу на спартыўную залу Дзяржаўнага ўніверсітэта Мінданаа ў Мараві, найбуйнейшым мусульманскім горадзе на Філіпінах. Тэракт адбыўся падчас ранішняй Імшы 3 снежня 2023 года.
У той жа дзень пасля штотыднёвай малітвы Анёл Панскі Францішак выказаў сваю блізкасць ахвярам, іх сем'ям і жыхарам рэгіёна, дзе адбыўся тэракт.