Анёл Панскі: быць побач з Хрыстом – самае важнае для вучня

Вера – гэта не тэорыя, а сустрэча, гэта паход туды, дзе жыве Пан, і знаходжанне з Ім, - адзначыў Папа 14 студзеня 2024 года падчас свайго разважання перад малітвай Анёл Панскі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак спаслаўся на Евангелле ІІ Звычайнай нядзелі, якое распавядае – словамі святога Яна – пра сустрэчу Езуса з двума першымі вучнямі (Ян 1, 35-42). Ён запрасіў вернікаў “успомніць сваю першую сустрэчу з Езусам, аднавіць радасць падарожжа за Ім і спытаць сябе: што значыць быць вучнем Пана?”

Вучні пачалі з пошуку. “Чаго шукаеце?” – гэта першыя словы, якія Езус скіроўвае да іх: “Ён запрашае іх зазірнуць у сябе, спытаць сябе аб жаданнях, якія яны нясуць у сваім сэрцы”. Езус “хоча не павярхоўных паслядоўнікаў, а людзей, якія ставяць пад сумнеў і дазваляюць кінуць выклік Яго Слову”, - заўважыў Пантыфік. Менавіта таму, на яго думку, “каб стаць вучнем Хрыста, трэба спачатку шукаць Яго, мець адкрытую душу, шукаючае, а не сытае ці задаволенае, сэрца”.

Вучні хацелі быць побач з Езусам – “яны не шукалі вестак і інфармацыі пра Бога, знакаў і цудаў, але жадалі сустрэцца з Месіяй, Памазаннікам Божым, быць з Ім, слухаць Яго”. Не выпадкова іх першае пытанне: “Раббі, дзе жывеш?” І Хрыстус запрашае іх застацца з Ім: “Ідзіце і ўбачыце”.

“Быць з Ім, заставацца з Ім – гэта самае важнае для вучня Пана. Мы Яго вучні ў той ступені, у якой наведваем Яго, слухаем Яго Слова, размаўляем з Ім у малітве, сузіраем Яго, любім Яго і служым Яму ў нашых братах. Карацей кажучы, вера – гэта не тэорыя, а сустрэча, гэта паход туды, дзе жыве Пан, і знаходжанне з Ім”, - звярнуў увагу Святы Айцец.

Для вучняў было важна абвяшчаць Хрыста, паколькі “тая першая сустрэча з Ім была такім моцным перажываннем, што абодва вучні запомнілі яе час назаўжды: “было ж каля дзясятай гадзіны”. “І іх сэрцы былі настолькі поўныя радасці, што яны адразу ж адчулі патрэбу паведаміць пра атрыманы дар”, менавіта таму Андрэй спяшаецца да свайго брата Сымона, якога Езус назаве Пятром, і кажа яму: “Мы знайшлі Месію”, а потым вядзе яго да Езуса.

“Браты і сёстры, сёння і мы ўспамінаем нашу першую сустрэчу з Панам. І мы пытаемся ў сябе: ці з'яўляемся мы па-ранейшаму вучнямі ў любові, якія шукаюць Пана, ці можа ў нас пасялілася вера, якая складаецца са звычак? Ці прабываем мы з Ім у малітве, ці ўмеем маўчаць з Ім? І, нарэшце, ці адчуваем мы патрэбу дзяліцца сваёй радасцю?” - такія пытанні задаў сваім слухачам Францішак.

Ён звярнуўся да Багародзіцы з просьбай дапамагчы падтрымліваць у верніках жаданне шукаць Хрыста, быць з Ім і абвяшчаць Яго.
 

14 студзеня 2024, 12:21

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >