Папа ватыканістам: быць журналістам – гэта пакліканне

Не ствараць непатрэбнага шуму, але імкнуцца зразумець істотнае ў святле прыроды Касцёла, - заклікаў Папа 22 студзеня 2023 года на аўдыенцыі для членаў Міжнароднай асацыяцыі журналістаў, акрэдытаваных пры Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак нагадаў, што пакліканне журналіста падобнае да паклікання ўрача, які вырашае любіць чалавецтва, лечачы людзей ад хвароб. “Падобным чынам робіць і журналіст, які вырашае закранаць раны грамадства і свету”, - сказаў ён, заклікаючы сваіх гасцей вярнуцца да каранёў іх паклікання: з аднаго боку пазнаваць і распавядаць, а з іншага – узрошчваць у сабе “безумоўную любоў да праўды”.

“Дзякую вам за намаганні, якія робіце, каб захоўваць позірк, які здольны бачыць па-за тое, што здаецца, які здольны разумець сутнасць, які не хоча засяроджвацца на павярхоўнасці стэрэатыпаў і гатовых формул інфармацыйнага шоу, у якіх пераважае простая каталагізацыя фактаў і ідэй, паводле загадзя загатоўленых схем, а не складаны пошук праўды. Заклікаю вас ісці наперад па гэтым шляху, здольнаму злучаць інфармацыю з рэфлексіяй, маўленне са слуханнем, праніклівасць з любоўю”, - сказаў Папа.

Святы Айцец спаслаўся на італьянскага журналіста Джавані Трыдэнтэ, які пісаў, што “ватыканіст павінен супрацьстаяць прыроджанаму пакліканню масавай камунікацыі маніпуляваць вобразам Касцёла”, а таксама звяртаў увагу на тое, што “СМІ схільныя скажаць рэлігійныя навіны” і рабіць “падвойную дэфармацыю вобраза Касцёла”, інфармуючы пра яго або ў палітычным, або ў павярхоўным ключы.

“Гэта няпроста, але ў гэтым веліч ватыканіста, тонкасць душы, якая дадаецца да журналісцкага майстэрства. Прыгажосць вашай працы вакол Пятра заключаецца ў тым, каб выконваць яе на цвёрдай скале адказнасці перад праўдай, а не на крохкім пяску плётак і ідэалагічных прачытанняў; яна заключаецца ў тым, каб не хаваць рэчаіснасць і нават яе нікчэмнасці, не падсалоджваць напружанасці, але ў той жа час не ствараць непатрэбнага шуму, але імкнуцца зразумець істотнае ў святле прыроды Касцёла. Колькі дабра гэта робіць Божаму народу, самым простым людзям, самому Касцёлу, якому яшчэ трэба прайсці доўгі шлях да лепшай камунікацыі: да камунікацыі сведчаннем, перш, чым словамі”, - сказаў Францішак.
 

22 студзеня 2024, 10:16