Францішак: любоў патрабуе не шматслоўя, а канкрэтных учынкаў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Францішак пракаментаваў літургічнае евангельскае чытанне пра аздараўленне Езусам хворага на праказу. Ён заўважыў, што, пачуўшы просьбу пракажонага аб аздараўленні, Езус не казаў шмат слоў, але адразу пачаў дзейнічаць. “Гэта стыль Езуса ў адносінах да пакутуючых: мала слоў і канкрэтныя ўчынкі”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Пантыфік адзначыў, што Хрыстус заўсёды дзейнічаў падобным чынам у адносінах да глуханямых, паралізаваных і іншых патрабуючых дапамогі: без прамоў, шматлікіх пытанняў, фальшывай спагады і сетныментальнасці. “Ён заўсёды робіць так: кажа няшмат, а за словамі неадкладна ідуць учынкі: Ён схіляецца, бярэ за руку, аздараўляе”, - сказаў Папа.
Святы Айцец заклікаў вернікаў засвоіць такі спосаб любові да людзей у патрэбе: быць нешматслоўнымі, але гатовымі неадкладна дапамагчы. Гэта канкрэтнасць вельмі важная ў нашым свеце, дзе пашыраецца “віртуальнасць адносін”, - зазначыў ён.
“Любоў патрабуе канкрэтнасці, прысутнасці, сустрэчы, падоранага часу і прасторы: яна не можа зводзіцца да прыгожых слоў, да карцінак на экране, да прынагоднага сэлфі ці паспешлівых паведамленняў. Гэта карысныя прылады, але недастатковыя для любові, яны не могуць замяніць канкрэтную прысутнасць”, - падкрэсліў Францішак.
Папа заклікаў вернікаў спытацца ў сябе: ці здольны я слухаць іншых, ці адкрыты на іх добрыя просьбы або шукаю адгаворак, хаваюся за абстрактнымі і бескарыснымі словамі? Пантыфік прапанаваў згадаць: калі апошні раз я наведаў самотнага ці хворага чалавека, калі змяніў свае планы, каб пайсці насустрач патрэбам чалавека, які просіць аб дапамозе? Напрыканцы разважання ён заклікаў памаліцца да Багародзіцы, каб дапамагла быць заўсёды гатовымі служыць людзям канкрэтным чынам.