Папа: патрэбны малітва і братэрства, каб свет станавіўся домам

Езус хоча, каб нашы адносіны з Ім і братамі нагадвалі дом, а не кірмаш, - падкрэсліў Францішак перад малітвай Анёл Панскі, якая 3 сакавіка 2024 года прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік пракаментаваў “суровую сцэну” з Евангелля святога Яна: Езус выганяе гандляроў са святыні, пераварочвае сталы мянялаў і папярэджвае ўсіх, кажучы: “Не рабіце дому Айца Майго домам гандлю”. Францішак прапанаваў паразважаць над розніцай паміж домам і кірмашом, падкрэсліваючы, што яны сімвалізуюць два розныя спосабы адносін з Богам.

У святыні, якая разумеецца як кірмаш, для таго, каб мець добрыя адносіны з Богам, дастаткова было набыць ягня, аплаціць яго і спажыць, прыгатаваўшы на алтарных вуглях: набыць, аплаціць, спажыць, а потым усе разыходзіліся па сваіх дамах. Але ў святыні, якая разумеецца як дом, адбываецца адваротнае: туды прыходзяць, каб сустрэць Пана, каб прабываць у еднасці з Ім і братамі, каб раздзяліць радасці і смуткі, - патлумачыў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што на кірмашы важную ролю грае кошт, а дома ўсё робіцца без разліку; на кірмашы шукаюць уласнай выгады, а дома ўсё бескарысліва. “Сёння Езус суровы, бо не прымае таго, каб святыня-кімраш замяніла святыню-дом; каб адносіны з Богам былі на адлегласці і насілі камерцыйны характар, замест таго, каб быць блізкімі і напоўненымі даверам; каб гандлёвыя сталы занялі месца стала сямейнага; каб кошт замяніў абдымкі, а манеты – пяшчотныя жэсты. Бо так ствараецца бар’ер паміж Богам і чалавекам і паміж братамі, у той час як Хрыстус прыйшоў, каб прынесці адзінства, міласэрнасць і блізкасць”, - сказаў Францішак.

Папа заўважыў, што евангельскі ўрывак пра выгнанне гандляроў са святыні, з’яўляецца заклікам, у тым ліку для нашага велікапоснага шляху, “больш ствараць дом у нас і вакол нас і менш ствараць кірмаш”. Па-першае, гэта трэба рабіць у адносінах з Богам, шмат молячыся, як дзеці, што нястомна грукаюць з даверам у дзверы Айца, а не як скупыя і недаверлівыя гандляры. Па-другое, распаўсюджваючы братэрства. “У гэтым ёсць патрэба. Давайце падумаем пра няёмкае, ізаляцыйнае, а часам нават варожае маўчанне, якое сустракаецца ў многіх месцах”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак прапанаваў задумацца над некалькімі пытаннямі: “У першую чаргу як абстаяць справы з маёй малітвай? Яна з’яўляецца коштам, які трэба плаціць, ці момантам даверлівага аддання сябе ў рукі Бога, калі не гляджу на гадзіннік? Якія мае адносіны з іншымі? Ці здольны я даваць, не чакаючы нічога наўзамен? Ці ўмею рабіць першы крок, каб разбурыць мур маўчання і пустату аддаленасці?” “Няхай Марыя дапаможа нам “ствараць дом” з Богам, паміж намі і вакол нас”, - завяршыў разважанне Святы Айцец.
 

03 сакавіка 2024, 12:11

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >