Пошук

Святы Айцец: цнота здабываецца пастаяннымі высілкамі

Развіццё цноты – складаная задача, але менавіта яна мае вырашальнае значэнне для нашага шчасця, - адзначыў Пантыфік падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 13 сакавіка 2024 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак распачаў другую частку катэхетычнага цыкла пра заганы і цноты. Ён прысвяціў разважанне тэме цнатлівага дзеяння. У сувязі з прастудай Святога Айца тэкст катэхезы прачытаў мансеньёр П’ерлуіджы Джырэлі з Дзяржаўнага сакратарыяту.

Пантыфік заўважыў, што сэрца чалавека можа патураць згубным жарсцям, паддавацца спакусам, але можа і супрацьстаяць ім. Нягледзячы на цяжкасці “чалавек створаны для дабра і можа практыкавацца ў гэтым мастацтве, таму некаторыя добрыя схільнасці ў ім могуць стаць пастаяннымі”, - напісаў ён.

Папа нагадаў, што рымскія філосафы называлі цноты словам virtus, а грэчаскія – aretè. Лацінскі тэрмін адносіцца ў першую чаргу да “моцнага і адважнага чалавека, здольнага да дысцыпліны і аскетызму”, а грэчаскі азначае тое, што вылучаецца і выклікае захапленне. Цнатлівы – гэта чалавек верны свайму пакліканню, які імкнецца напоўніцу рэалізаваць свой патэнцыял, - адзначыў Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што святыя, якія здабывалі цноты пастаяннымі высілкамі, не з’яўляюцца “выключэннем з чалавецтва” і “пэўнага роду вузкім колам чэмпіёнаў, якія жывуць па-за межамі нашага віду”, але людзьмі, якія ажыццявілі пакліканне кожнага чалавека.

“Якім бы шчаслівым быў свет, у якім справядлівасць, павага, узаемная добразычлівасць, велікадушнасць, надзея сталі ўсеагульнай нормай, а не рэдкай анамаліяй! Вось чаму вучэнне пра цнатлівыя ўчынкі ў нашы драматычныя часы, калі мы часта сустракаемся з найгоршымі праявамі чалавецтва, павінна быць нанава адкрыта і практыкавацца ўсімі. У дэфармаваным свеце мы павінны памятаць пра форму, у якой былі створаны – пра той вобраз Божы, які назаўсёды адпячатаны ў кожным з нас”, - падкрэсліў Папа.

Францішак нагадаў, што паводле Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, цнота з’яўляецца “звычайнай і трывалай гатоўнасцю чыніць дабро”. Гаворка не ідзе пра дабро “спантаннае і выпадковае”, на якое часам здольныя нават злачынцы, але пра тое, якое “нараджаецца ў выніку павольнага сталення асобы, пакуль не стане яго ўнутранай характарыстыкай”. Цнота – гэта схільнасць да свабоды, якая дазваляе прызвычаіцца заўсёды рабіць правільны выбар паміж дабром і злом, - дадаў Святы Айцец.

Папа зазначыў, што першай дапамогай для хрысціян у набыцці цноты з’яўляецца Божая ласка, а Святы Дух заўсёды дзейнічае ў душах ахрышчаных, каб прывесці іх да цнатлівага жыцця. “Колькі хрысціян дасягнулі святасці праз слёзы, усведамляючы, што не могуць пераадолець некаторыя слабасці. Але яны таксама адчувалі, што Бог споўніў у іх добрую справу, якая была для іх толькі накідкам. Ласка заўсёды апярэджвае нашы маральныя намаганні”, - дадаў Францішак.

Пантыфік падкрэсліў, што цноты можна развіваць, просячы аб першым дары Святога Духа – мудрасці. Ён нагадаў, што чалавек мае здольнасць супрацьстаяць розным інстынктам, жарсцям і сілам, часам хаатычным, якія носіць у сабе. “Бясцэнны дар, якім мы валодаем – гэта адкрытасць розуму, гэта мудрасць, здольная вучыцца на памылках, каб правільна кіраваць жыццём”, - нагадаў Папа, дадаючы, што таксама “нам патрэбна добрая воля: здольнасць выбіраць дабро, выхоўваць сябе з дапамогай аскетычных практыкаванняў, пазбягаючы празмернасці”. На заканчэнне катэхезы ён заўважыў, што развіццё цноты – складаная задача, але менавіта яна вызначае наша шчасце.
 

13 сакавіка 2024, 09:32

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >