Святы Айцец да мігрантаў: я хацеў бы зараз быць з вамі
Марыя Валодзіна - Vatican News
“Дарагія мігранты! Я хацеў бы быць з вамі ў гэты момант. Я таксама сын мігрантаў, якія адправіліся на пошукі лепшай будучыні. Быў час, калі яны засталіся ні з чым, зведалі голад, жылі з пустымі рукамі, але з сэрцам, поўным надзеі”, - з такімі кранальнымі словамі звярнуўся Францішак да тых, хто ў гэты момант знаходзіцца ў цэнтры часовага размяшчэння ў рэгіёне Дар’ен. Структура прымае мігрантаў з Венесуэлы, Гаіці, Калумбіі, Эквадора і іншых краін на шляху ў ЗША.
Папа падзякаваў біскупам і душпастырам за іх служэнне сярод мігрантаў, за тое, што нясуць ім “палёгку і надзею на крыжовым шляху міграцыі”. “Дзякую вам за адданасць нашым братам і сёстрам мігрантам, якія ўяўляюць сабой пакутуючую плоць Хрыста, калі яны вымушаны пакінуць сваю зямлю і адправіцца ў рызыкоўны і цяжкі шлях, не маючы іншага выйсця”, - напісаў Пантыфік.
“Браты і сёстры мігранты! Ніколі не забывайце пра сваю чалавечую годнасць. Не бойцеся глядзець людзям у вочы, таму што вы не адкіды, вы з'яўляецеся часткай чалавечай сям'і і сям'і дзяцей Божых. Дзякуй за тое, што сабраліся там. Няхай Езус благаславіць вас, а Святая Дзева захоўвае вас. І, калі ласка, не забудзьцеся памаліцца за мяне”, - звярнуўся да мігрантаў Францішак.
Па дадзеных урада Панамы, толькі ў 2023 годзе больш за паўмільёна мігрантаў прайшлі праз так званы Дар’енскі прабел – вялікі ўчастак лясістай мясцовасці, даўжынёй 265 кіламетраў, дзе акрамя небяспекі з боку дзікай прыроды існуе рызыка сутыкнення са злачыннымі групоўкамі, якія рабуюць і ўжываць гвалт, асабліва адносна жанчын. Напрыканцы шляху праз небяспечныя джунглі мігранты апынаюцца ў цэнтры часовага прыёму ў Лахас-Бланкасе, дзе назіраецца перапоўненасць і недахоп вады і ложкаў.