Regina Caeli: дзяліцца з бліжнімі досведам сустрэчы з Езусам
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Францішак пракаментаваў літургічны евангельскі ўрывак на трэцюю Велікодную нядзелю, які “вяртае нас у пасхальны вечар”. Ён нагадаў, што калі апосталы сабраліся ў вячэрніку, два вучні вярнуліся з Эмаўс і распавялі ім пра сваю сустрэчу з Езусам.
“І пакуль яны выражалі радасць свайго досведу, Уваскрослы аб’явіўся ўсёй супольнасці. Езус прыйшоў менавіта тады, калі яны распавядалі пра сустрэчу з Ім. Гэта наводзіць мяне на думку пра тое, наколькі цудоўна і важна дзяліцца верай”, - падкрэсліў Святы Айцец.
“Кожны дзень на нас абрынаюцца тысячы паведамленняў. Многія з іх павярхоўныя і бескарысныя, іншыя сведчаць пра нясціплую цікаўнасць або, што яшчэ горш, нараджаюцца з плётак і злосці. Гэта навіны, якія не нясуць ніякая карысці, і нават больш за тое – з’яўляюцца шкоднымі. Але ёсць і добрыя, пазітыўныя і канструктыўныя навіны, і мы ўсе ведаем, як прыемна чуць нешта добрае і наколькі мы лепш адчуваем сябе, калі так адбываецца. А яшчэ цудоўна дзяліцца тым, што добрым ці дрэнным чынам, закранула наша жыццё, каб дапамагчы іншым”, - патлумачыў Папа.
“Але ёсць адна рэч, пра якую нам часта цяжка казаць. Гаворка ідзе пра самае цудоўнае, пра што мы можам распавесці: наша сустрэча з Езусам. Кожны з нас сустракаў Пана, але нам цяжка казаць пра гэта. Кожны з нас можа расказаць шмат на гэты конт: не павучаючы іншых, але дзелячыся непаўторнымі момантамі, у якіх мы бачылі Пана жывым і блізкім, які запальваў радасць у сэрцы або выцер слёзы, які адарыў даверам і суцяшэннем, сілай і энтузіязмам, або прабачэннем, пяшчотай... Важна дзяліцца гэтым у сям’і, грамадстве, з сябрамі. Таксама добра расказваць пра добрыя памкненні, якія скіроўвалі нас у жыцці, пра думкі і пачуцці, якія дапамагалі нам ісці наперад, а таксама пра намаганні і цяжкасці, якія перажываем, каб разумець і прасоўвацца па шляху веры, а магчыма, таксама, каб пакаяцца і вярнуцца на наш шлях. Калі будзем рабіць гэта, Езус, як здарылася з вучнямі ў велікодны вечар, здзівіць нас і зробіць нашы сустрэчы і нашы асяроддзі яшчэ больш прыгожымі”, - запэўніў Пантыфік.
Францішак заклікаў вернікаў паспрабаваць успомніць пра нейкі “моцны момант” у сваім жыцці верай, пра важную сустрэчу з Езусам, і задумацца пра тое, ці дзяліліся гэтым досведам з іншымі людзьмі і ці слухалі іншых, якія расказвалі пра сваю сустрэчу з Езусам. “Няхай Маці Божая дапамагае нам дзяліцца верай, каб нашы супольнасці яшчэ больш станавіліся месцамі сустрэчы з Панам”, - пажадаў перад марыйнай малітвай Святы Айцец.